Фэст у гонар святога Андрэя Баболі разам з байкерамі Печать
16.05.2016 20:07

Фотарэпартаж

 

 

14 мая ў парафіі святога Юды Тадэвуша, апостала ў Лучаі, што на Пасташўчыне, адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі. Пакутнік Палесся, які лічыцца апекуном Беларусі, штогод асаблівым чынам ушаноўваецца ў лучайскай святыні.IMG 2872

Перад абразом палымянага прапаведніка, місіянера, «душахвата» – усе гэтыя эпітэты тычацца святога Андрэя Баболі, – распачалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Адарацыя суправаджалася спяванай Ларэтанскай Літаніяй да Маці Божай, таксама вернікі мелі магчымасць адараваць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце з адмысловымі разважаннямі і спевамі.

Асаблівым чынам у падрыхтаваных разважаннях была закранутая тэма трагічнага часу, у якім дзейнічаў і прыняў пакутніцкую смерць святы. "Андрэй Баболя жыў у часе, што быў, як і сенняшні, пазначаны рознымі падзеламі. Але ён не быў абыякавым да наступстваў гэтых падзелаў. Айцец Баболя распачаў канкрэтныя дзеянні, каб аднаўляць страчаную еднасць. І, хаця падаецца, што з чалавечага погляду ён прайграў, бо спазнаў жорсткае пакутніцтва, – насамрэч яго служэнне зазнала самы шумны трыумф".

IMG 2618

Адпустовую святую Імшу, якая распачался ўрачыстай працэсіяй святароў з міністрантамі, узначалілі ксёндз Раман Мурзіч з Параф'янава і пробашч лучайскай парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі. Іншыя святары-госці з суседніх парафіяў – ксёндз Андрэй Возьняк з Паставаў і ксёндз Андрэй Кулік з Дзеркаўшчыны – дапамагалі вернікам ачысціць свае душы ў сакраманце пакаяння.

У гаміліі ксёндз Раман Мурзіч спалучыў развагі на дзве святочныя тэмы – Спаслання Духа Святога і жыццяпісу Андрэя Баболі. Нагадваючы пра пакутніцкі шлях святога, ксёндз Мурзіч таксама зрабіў акцэнт на адзінстве, якое імкнуўся сеяць сваімі словамі святы Андрэй Баболя.

У працэсіі да алтара падчас святой Імшы гэтым разам з традыцыйнымі дарамі – крыжам, хлебам, віном, гостыяй, кветкамі, – прадстаўнік ад байкераў нёс да алтара сімвалічную мадэль матацыкла: у гэты дзень у Лучай завіталі шматлікія байкеры з наваколля, каб з Богам распачаць новы мотасезон. Аматары матацыклаў з Паставаў, Варапаева, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Віцебска, Полацка, Вілейкі, Браслава прыехалі асвяціць свае транспартныя сродкі. “Не ўсе з іх пабожныя, нехта думае – гэта як абярэг, калі вырашае паехаць “пасвяціць матацыкл”. Але ж шлях да Бога пачынаецца з малага”, – лічыць святар з Дзеркаўшчыны кс. Андрэй Кулік.

Пасля заключнай Літаніі да святога Андрэя Баболі і працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні вернікі змаглі ўшанаваць рэліквіі святога – рэліквіярый з іх часцінкай быў урачыста дастаўлены ў Лучай тры гады таму.

Сёлета лучайскі касцёл адзначыць 250-гадовы юбілей свайго заснавання, таму пробашч і парафіяне актыўна вядуць працы па добраўпарадкаванні парка святыні. Чарговым крокам па стварэнні сакральна-паркавага ландшафта сталася асвячэнне чарговай фігуры апостала Тамаша, ахвяраванай вернiцай з Шаркаўшчыны Аленай Зорынай.

IMG 2655 - Copy

Лучайскія святы здзіўляюць штораз. Не выключэнне і першы вясновы парафіяльны фэст – атрымаўшы бласлаўленне на новы мотасезон, байкеры на асвечаных матацыклах прадставілі гасцям і тутэйшым вернікам незвычайнае відовішча, дэманструючы рознастайныя піруэты на двухколавых "конях". Таксама ўдзельнікаў святочнага фэсту чакала канцэртная праграма ад ансамбля " Ферцінка" з Полацкага раёну з мілагучнымі спевамі на беларускай, польскай і рускай мовах.

IMG 2895 - Copy

 

Шмат хто з байкераў наведаў касцёл упершыню ў сваім жыцці, але вынікам візіту матацыклістаў у Лучай стала прапанова не толькі зладзіць такое ж свята на закрыццё мотасезону, але і паўдзельнічаць у фізічных працах па дабраўпарадкаванні прыкасцёльнай тэрыторыі, – святыня ў Лучаі патрабуе не толькі мужчынскай малітвы, але і мужчынскай працы.

Атрымаўшы традыцыйнае бласлаўленне на шчаслівае вяртанне дахаты ад пробашча Мікалая Ліпскага, вернікі развітваліся з Лучаем, маючы намер наведаць квітнеючы аазіс духоўнага і культурнага жыцця рэгіёна 26 чэрвеня – на Дзень Сям'і, а таксама 23 ліпеня, калі падчас фэста святой Ганны лучайская святыня адзначыць сваё 250-годдзе ад заснавання.

Тэкст: Алена Клімза-Колтан.

Фота: Сяргей Вшыўкоў