14.01.2015 08:54 |
Фотарэпартаж
У нядзелю 11 студзеня ў свята Хросту Пана вернікі з Шаркаўшчыны патрапілі ў касцёл святога Тадэвуша ў Лучаі. “Прыгажэйшага касцёла ў бліжэйшай акрузе бадай што не знойдзеш”,- гаворыць парафіянка з Шаркаўшчыны Кацярына Сосна.
У святыні ўпрыгожаныя ёлкі з цудоўнай люмінацыяй ствараюць святочную атмасферу, там і яслі з Немаўляткам, побач свечкі ды фігуркі святых.
Святую Імшу ўпрыгожваў хор “Паланэз” з Мінску. Удзельнікі яго — сябры “Саюза палякаў на Беларусі”. Вельмі цёпла сустракалі вернікі выступленне хору і пасля завяршэння літургіі. Дапоўніў выступленні сталых артыстаў аркестр народных інструментаў хлопчыкаў і дзяўчынак з той жа суполкі. Пад іх музыку салістка Алеся Касач праспявала кампазіцыі: “Ave Maria”, “Молитва о покое”, “Рождество — это время любить”, беларускую народную песню “Купалінка” , “Мой родны кут”, польскую народную песню. У святыні вернікі з Шаркаўшчыны адчулі асалоду ад Божай цеплыні і ласкі, лагоднай і нявымушанай атмасферы, якая там панавала.
Парафіяне з Шаркаўшчыны дзякуюць кс. Мікалаю Ліпскаму за цудоўную арганізацыю, а таксама Уладзіміру Клімзу, за магчымасць падарожжа. |