Касцёл – знак веры. PDF Печать E-mail
03.11.2016 18:01

Фотарэпартаж

29 кастрычніка Лучайская парафія святога Юды Тадэвуша, Апостала святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна. Сёлета святыня адзначае 250-годдзе заснавання. Варта нагадаць, што ў 1766 годзе па фундацыі Альжбеты Агінскай-Пузыні, пачалося будаўніцтва велічнага касцёла ў стылі пераходным ад барока да класіцызму. 

19

На працягу тыдня ў парафіі праводзіліся Святыя Місіі з нагоды значнай, гістарычнай падзеі, каб падрыхтаваць сэрцы вернікаў. Апошні раз айцы з супольнасці Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) праводзілі місіі ў Лучайскай парафіі ў 1991 годзе. 

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту папярэднічала ўрачыстай святой Імшы. Айцец Станіслаў, рэдэмптарыст з Мінска, падчас выстаўлення правёў ружанцовую малітву. Лучай здзіўляе і ўражвае заўсёды: на гэты раз урачыстасці святу дадало тое, што за клавішамі двухсотгадовага аргана быў віртуоз Валерый Шмат. Здаецца, сцены святыні дрыжэлі ад гукаў "караля музычных інструментаў" і ад незвычайна прыгожага, моцнага голаса арганіста. 

Урачыстую святую Імшу узначаліў Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, у сакраманце Пакаяння дапамагалі ксёндз Ежы Вільк з Варапаева і Анджэй Бульчак з Паставаў. Ва ўступным слове біскуп Алег, узгадаўшы пра юбілей касцёла, падкрэсліў, што святыня – гэта знак веры. Іерарх заклікаў маліцца аб умацаванні веры і аб плёне для місій. 

09

Святочнае казанне біскуп распачаў са слоў святога Юды Тадэвуша: "Вы браты, умацоўвайцеся на фундаманце веры". Казнадзей звярнуў увагу на тое, што дапамагае трывала захоўваць веру і якія перашкоды могуць паўставаць. Асаблівым чынам ксёндз біскуп зазначыў пра небяспекі аслаблення веры, сярод галоўных – гэта абыякавасць да веры і забабоны, карыстаючыся якімі, людзі ўваходзяць на тэрыторыю злога духа. А вось дарам Духа Святога біскуп назваў сакрамант Бежмавання. Дарэчы, прыняць яго падчас адпустовай урачыстасці мелі магчымасць чацвёра парафіян. Яны і падрыхтавалі працэсію з дарамі.  

12

Незабыўным момантам святочнай Літургіі стала атрыманне з рук біскупа Алега Папскага бласлаўлення. Справа ў тым, што літаральна на мінулым тыдні Віцебскі Ардынарый наведаў Ватыкан, каб уласнаручна перадаць Святому Айцу пераклад на беларускую мову яго кнігі "Імя Бога – Міласэрнасць". Таму, акрамя прывітання ад Пантыфіка вернікі мелі такую цудоўную магчымасць. А вось Апостальскае бласлаўленне ад Папы Францішка для Лучайскай парафіі, з нагоды юбілею заснавання святыні, на папірусе атрымаў ксёндз Мікалай Ліпскі падчас пілігрымкі ў Год Міласэрнасці. Гэты каштоўны дар у прыгожай рамачцы будзе размешчаны ў храме.

tadevuzha

Напрыканцы святой Імшы адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам, пасля якой быў праспяваны гімн "Цябе, Бога, праслаўляем" і хрысціянскі гімн "Магутны Божа". Пасля вернікі яшчэ раз накіраваліся на прыкасцельную тэрыторыю, каб паўдзельнічаць у асвячэнні скульптуры Апостала Мацея, апошняга ў скульптурнай кампазіцыі. 

17

Незвычайны, адмысловы канцэрт у выкананні арганіста Валерыя Шмата стаў аздабленнем свята. Апроч таго, што Літургія была ўпрыгожана творамі на лацінскай мове: "Veni creаtor", "Agnus Dei", "Adoremus", выканаўца падрыхтаваў шыкоўную праграму з класічных твораў Баха, Вагнэра, Мендэльсона, Альбіноні, Манюшкі, Акуджавы. Каментуючы кожны твор, расказваў пра гісторыю напісання. Валерый Шмат падрыхтаваў духоўныя разважанні са Святога Пісання. Не стала перашкодай наталіцца цудоўнай музыкай і тое, што Лучайскі арган, усталяваны у 1811 годзе страціў большую палову сваіх рэгістраў. У руках сапраўднага майстра ён гучаў цудоўна!

18 

Авацыямі адудзячылі слухачы выдатнага музыканта, ксёндз біскуп выказаў падзяку за цудоўнае аздабленне свята. А вось сам выканаўца падзякаваў іерарху за прысутнасць, а ксяндзу Мікалаю за запрашэнне да ўдзелу ў свяце. Арганіст, узгадваючы святога Юду Тадэвуша, прыпомніў, што заўсёды варта маліцца да заступніка ў безнадзейных справах, памятаючы "будзь воля Твая". 

Наступны раз Лучай чакае на свята "Андрэйкі" і "Мікалайкі".

 

Тэкст: Алена Клімза-Колтан

 

Фота з  архіва парафіі і Міхаіл Тарасёнак


 

Комментарии   

 
0 #1 Тадэвуш 04.11.2016 07:50
анджэй Бульчак
Цитировать
 
 
0 #2 Лена Клімза 04.11.2016 19:24
Дзякуй! Прабачце!
Цитировать
 
 
0 #3 Valera 17.11.2016 14:59
]анджэй Бульчак
Цитировать
 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай