Урачыстасці Першай святой Камуніі ў Лучаі працягваюцца Печать
04.10.2012 16:01

Бялюткія сукенкі, чыстыя думкі, светлы настрой… 27 мая ў лучайскім касцёле святога Юды Тадэвуша адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. 16 хлопчыкаў і дзяўчат упершыню прынялі ў свае сэрцы Езуса Эўхарыстычнага.

Да гэтага дня дзеці ішлі два гады. Разам з сястрой Марынай Брылёнак з Варапаева яны вывучалі асновы веры, малітвы, Божыя запаведзі, рыхтаваліся да двух святых сакрамэнтаў — святой споведзі і Эўхарыстыі.

Падчас урачыстасці хваляваліся ўсе: і дзеці, і іх бацькі. Асабліва гэта адчувалася падчас бацькоўскага благаслаўлення. Але найбольш хвалюючым момантам стала прыняцце першай Камуніі.

У правядзенні святой Імшы дзеці прымалі самы актыўны ўдзел — чыталі слова Божае, спявалі псальмы, прыносілі дары да алтара…

Цяпер у дзяцей так званы белы тыдзень — яны штодня ў гэтай жа ўрачыстай белай вопратцы ўдзельнічаюць у святой Імшы. Кожны дзень яны атрымліваюць карысныя для іх духоўнага жыцця рэчы: ружанцы, малітоўнікі, памяткі…  

«Вялікі дзякуй усім, хто дапамог дзецям дайсці да гэтай урачыстасці, — адзначыў ксёндз Мікалай Ліпскі. — У першую чаргу бацькам, таму што менавіта яны вучаць дзяцей маліцца і верыць. Сям’я — гэта Хатні Касцёл, дзе распачынаецца шлях да Бога…»

У сваю чаргу, бацькі дзяцей шчыра падзякавалі святару за гэтае вялікае свята.