Фэст у гонар Св.Ганны Печать
28.07.2013 00:00

Фотарэпартаж Фэст у гонар Св.Ганны

"Святая Ганна , прасі Унука! Хай кожны мае , што шукае!"

27 ліпеня адбыўся Фэст у гонар сьвятой Ганны ў Лучаі Урачыстую Імшу ўзначаліў кс. Аляксандр Рагіня, прадстаўнік Апостальскай Нунцыятуры ў Казахстане. Музычнае суправаджэньне стварыў хор “Fiat” з мёрскай парафіі. Пасля сьвятой Імшы ў парафію былі перададзеныя рэліквіі сьвятога Андрэя Баболі. Паводле добрай традыцыі Лучая, завяршыўся фэст канцэртам.

Вёска Лучай сустрэла нас рознакаляровымі гірляндамі, разьвешанымі каля касьцёла, вялікай колькасьцю прыпаркаваных ля дарог машын, і па-сьвяточнаму прыбранымі людзьмі. На пляцоўцы ля прыступак да касьцёла ўжо ладзілася сцэна, падключалася і расстаўлялася апаратура. У нішах пад сьценамі касьцёла ўжо працавалі міні-крамкі, у якіх можна было набыць як цацкі, так і цукеркі.

Калі мы прыехалі, у касьцёле ўжо ішла сьвятая Імша. Варта адзначыць, што людзей на Імшу прыйшло шмат, прычым,не толькі людзі старэйшага пакаленьня, але й таксама моладзь і дзеці. Вельмі ўразіў хор, які сьпяваў. Неверагодна чыста, моцна, прыгожа.

Канцэрт на завяршэньне фэсту пачаўся а 19 гадзіне з выступаў моладзі з Шаркаўшчыны. Прыгожыя дзяўчаты ў белых строях ужо зь першых песень захапілі ўвагу гледачоў, і ў прыватнасьці, спадабаліся маленькім дзеткам, якія пачалі таньчыць на пляцоўцы перад сцэнай. На канцэрт таксама былі запрошаныя розныя гурты – “Горад N”з Полацка, “The Perfect life”з Наваполацка, “RECHA” з Менску, і іншыя выступоўцы. Нечаканым і прыемным для многіх стала зьяўленьне Лявона Вольскага з сваёй праграмай.

Гурт "Горад N" з Полацка на канцэрт прывёз новую песню "Алілюя" - вядомую ўсім песню Леанарда Коэна, толькі па-беларуску. Твор, які зьявіўся ў 80-х гадах і які чуў, мабыць, кожны. Лідар гурта Ігар Палынскі распавёў нам, чаму яны вырашылі засьпяваць яе: - Не так даўно была анлайн трансьляцыя з канцэрта Арбенінай, дзе яна прасьпявала гэтую песьню на англійскай мове. Яна мяне вельмі зачапіла тады. А пасьля я ўбачыў на сайце Глеба Лабадзенкі пераклад Андрэя Хадановіча на беларускую мову, звязаўся з аўтарам праз фэйсбук, і ён дазволіў мне сьпяваць яго пераклад.

Дар'я Палынская