Беларускі святар-дыпламат стаў капеланам Яго Святасці Папы Печать
09.10.2013 00:00

vatykan1 кастрычніка 2013 г. Святы Айцец Францішак далучыў да ліку сваіх капеланаў кс. Аляксандра Рагіню, святара Віцебскай дыяцэзіі, уражэнца Лучайскай парафіі, які з 2010 г. знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду.


Выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, ён скончыў адну з самых прэстыжных навучальных устаноў Каталіцкага Касцёла – Папскую дыпламатычную акадэмію (Pontificia Accademia Ecclesiastica), якая займаецца падрыхтоўкай святароў да дыпламатычнай службы Апостальскай Сталіцы, а таксама да працы ў Дзяржаўным сакратарыяце Святога Пасаду. Кс. прэлат Аляксандр Рагіня на самым пачатку сваёй дыпламатычнай кар’еры працаваў у ватыканскім прадстаўніцтве ў Эквадоры, зараз жа з’яўляецца сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Астане.
Ганаровы тытул капелана Яго Святасці Папы (лац. Cappellanis Sanctitatis Suae) – гэта знак прызнання духоўных заслуг святара перад Касцёлам. Ён мае права насіць чорную сутану з фіялетавымі элементамі, і накладаць на яе фіялетавы пас. Ганаровага капелана традыцыйна называюць пралатам.

Ватыканскае радыё