Святымі не нараджаюцца – святымі становяцца! Печать
18.05.2014 21:35

 

Фотарэпартаж

1-217 мая ў Лучайскім касцёле адбыўся адпуст у гонар святога Андрэя Баболі, апекуна парафіі святога Тадэвуша і ўвогуле ўсёй Беларусі. Парафіян і гасцей свята гасцінна сустрэў касцёл, прыгожа ўбраны ў майскія кветкі. Цудоўныя кампазіцыі з бэзу, спірэі, цюльпанаў, нарцысаў упрыгожвалі галоўны і бочныя алтары. У правай бочнай наве святыні знайшоў сваё пачэснае месца абраз Апекуна Беларусі, Апостала Палесся – святога пакутніка Андрэя Баболі. Перад ім і пачалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.

Спачатку прагучалі разважанні на тэму "Святымі не нараджаюцца – святымі становяцца". Вернікі даведаліся пра тое, як змагаўся Анрэй Баболя з самім сабою, "напэўна не стаў бы святым, калі б не адбыўся прагрэс у тым , што залежала ад яго". А цяжкасці, якія сустрэў святы на сваім шляху сталі для яго прыступкай, якая падняла яго вышэй, да мэты, вызначанай самім Богам. Далей святар прамовіў малітву за краіну. У цудоўным выкананні Андрэя Лугіна, саліста гурта "Laudans" прагучалі паэмы "Андрэй Баболя – мучанік беларускі"і "Мучанік за веру", аўтарства якіх, праўдападобна, належыць самому Янку Купалу! Гэтыя біяграфічныя творы апісваюць апостальскі лёс і пакутніцкую смерць святога Апекуна Беларусі. "Будзь жа, будзь Ты, Баболя, заступнікам нашым перад Ствурцам Нябесным Прадвечным, і люд свой, што любіў так, хоць вораг і страшыў, у апецэ і ласцэ мей вечна."

 

Пасля адбылася Святая Імша, адной з інтэнцый якой быў супакой душы для Ганны Дубовік у 20 гадавіну смерці. Гэта спачылая парафіянка, якая для многіх была прыкладам нязломнай веры. У гады бязбожнага ліхалецця навучала дзетак катэхезе, падтрымлівала святараў , сасланых у Сібір. Пасля стала манахіняй і прыняла імя сястра Міхаэля.

Святочную гамілію прамовіў пробашч з Мосара кс. Марат Казлоўскі. Воляй лёсу пры бежмаванні выбраў сабе заступніка Андрэя Баболю. Пра яго святар сказаў: "Святы, які не патрабуе рэкламы. Даведаўшыся пра яго, нельга не палюбіць святога пакутніка". Называючы Андрэя Баболю "народным місіянерам, "апякуном адзінства" святар заклікаў вернікаў да любові, каб, нягледзячы на розныя рэлігіі людзі імкнуліся рабіць дабро і любіць бліжняга.

2

Цудоўным працягам святочнага набажэнства стала Літанія да святога, апекуна сённяшняга дня. А працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам закончыла Літургію.

У Лучайскай святыні знаходзіцца рэліквіярый з часцінкай святога Андрэя Баболі. Усе жадаючыя маглі аддаць пашану апекуну парафіі, прыклаўшыся да рэліквіі.

Якім жа цудоўным і нечаканым сюрпрызам стала аб'ява ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага пра пілігрымку "Па слядах святога Андрэя Баболі". Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у малітоўнай вандроўцы ў Пінск, Лагішын, Янаў Палескі, Нясвіж ужо напрыканцы лета!

Традыцыйнымі канцэртамі заканчваюцца фэсты ў Лучаі. На сёлетняе свята былі запрошаны ўжо вядомыя Лучаю выканаўцы: гурт "Laudans" з Мінску і самабытны музыкант з Шаркаўшчынскай парафіі спадар Чэслаў Рачыцкі.

3

Змяняючы адзін аднаго, музыкі выконвалі розныя кампазіцыі са свайго рэпертуару. Прыгадаць маладосць пад "Паненскі вальс", "Польку", "Факстрот" і іншыя творы ў выкананні спадара Чэслава давялося слухачам паважанага ўзросту. А вось выступленне саліста Андрэя Лугіна было накіравана на маладзейшую аўдыторыю. Нават атрымаўся імправізаваны выступ гурта "Laudans" з лучайскай і пастаўскай моладзю.

4

На заканчэнне свята ксёндз пробашч падзякаваў артыстам і ўсім прысутным за ўдзел і запрасіў на наступныя: Свята сем'яў 29 чэрвеня і парафіяльны адпуст святой Ганны 26 ліпеня.

 

Тэкст: Лена Клімза-Колтан

Фота: Юзаф Цапелік