Хто Богу давяраецца, той не памыляецца Печать
28.07.2015 05:30

 Фотарэпартаж Відэа

Адпустовая ўрачыстасць у гонар святой Ганны прайшла 25 ліпеня ў Лучаі. Фэст, які атрымаўся найбольш шматлюдным і багатым на ўражанні за апошнія 5 год.

017
Велічная лучайская святыня ледзь змясціла ў сабе парафіян і вернікаў з розных куточкаў нашай краіны і з замежжа. А колькасць аўтамабіляў, аўтобусаў прыемна ўразіла. У гэты дзень было запланавана асвячэннне транспартных сродкаў з нагоды ўспаміну святога Кшыштафа, апекуна ўсіх вадзіцеляў і падарожных.

Усе кветкі ліпеня былі сабраны да алтароў, каб аздобіць і падкрэсліць прыгажосць гэтай святыні. Заўседы адчуваецца вялікая любоў тых, хто састаўляе кампазіцыі. Перад упрыгожаным алтаром у гонар святой Ганны распачалася падрыхтоўка да святой Імшы адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні, якія з асаблівай інтанацыяй былі прачытаны семінарыстам Алегам Зямчонкам, заклікалі прысутных, каб ў сваіх сем'ях яны наследвалі прыклад святых Ганны і Яўхіма. Як заступніца і апякунка матуляў святая Ганна дапамагае ў добрым выхаванні дзяцей, бо многа святых не дайшло б да такой дасканаласці і святасці, каб не мелі святых маці. Адзін з мысляроў сказаў, што "у дадатак да іншых дароў Бога, хрысціянская маці – самы каштоўны дар."

021

 

Святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, прайшла у традыцыйным для Лучая каларыце. Прыгожыя маладыя парафіяне ў нацыянальных касцюмах і міністранты, і моладзевы хор, і чыгуначнікі служачыя пры алтары ў форме – усё сведчыла аб жыцці парафіі. Сярод прысутных святароў быў і кусташ Росіцкай святыні: ксёндз Часлаў Курэчка, і ксёндз Ян Пугачоў з Германавіч – папярэднік ксяндза Мікалая, а таксама святары з дэканата.

Святочная гамілія, якую прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі была прысвечана сямейным каштоўнасцям і выхаванню маладога пакалення на прыкладзе святых бацькоў Маці Божай. Галоўнае, што павінен выконваць кожны хрысціянін: слухаць слова Божае і поўнасцю давяраць сваю жыццё Пану Богу. Як кажуць у народзе: "Хто Богу давяраецца, той не памыляецца!"

035

 Скончылася святая Літургія працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам, падчас якой адбылося асвячэнне біскупам Аляксандам Яшэўскім чарговых трох барэл'ефаў. Супольнае выкананне Лучайскага гімну стала апошнім аккордам першай часткі свята. Дарэчы, яго аўтар Алег Зямчонак прадставіў слухачам свой новы высокадухоўны верш, які стаў падарункам ксяндзу біскупу.

 А які незабыўны канцэрт чакаў прыхільнікаў добрай беларускай музыкі! Сярод запрошаных выканаўцаў у гэты дзень былі: Лявон Вольскі, Дзмітрый Корсак, Алег Сямёнаў, Іван Буслай, Улад Сіманіс і моладзь.

060

Абаяльная Валянціна Альшанская была вядучай святочнага канцэрта і падаравала слухачам некальні песен у сваім непаўторным выкананні. Весяліліся, спявалі, таньчылі людзі рознага ўзросту. Фэст стаў сапраўдным народным святам.

 Заваражваючае фаершоў і квяцісты феерверк выклікалі безліч станоўчых эмоцый!

098

Як дораз таго, што свята атрымалася, прысутныя дзякавалі ксяндзу пробашчу хорам выкрыкваючы: "Дзякуй! Маладзец!" і моцнымі апладысментамі. Такія моманты ў жыцці святара з'яўляюцца вельмі шчаслівымі і натхняюць сціплага лучайскага пробашча на новыя ідэі мерапрыемстваў.

 На заканчэнне свята біскуп Аляксандр, які разам з прысутнымі ўдзельнічаў у свяце на працягу ўсяго вечара, падзякаваў Пану Богу, а таксама ксяндзу Мікалаю за фантастычны фэст і паблаславіў прысутных на шчаслівае вяртанне дадому. Пад зорным лучайскім небам вернікі, як сапраўдныя браты і сёстры, ўзяўшыся за рукі, супольна памаліліся з ксяндзом біскупам, і развіталіся з Лучаем, спадзяючыся вярнуцца ў гэты гасцінны велічны храм ўжо 23 жніўня на Свята ведаў.

 

Тэкст: Алена Клімза-Колтан.
Фота: Сяргей Вшыўкоў, Уладзімір Лагуцін і іншыя ўдзельнікі свята