Развітанне з Лучаем. |
22.06.2017 17:15 |
Край бацькоўскi, край мой беларускi, Я табе кажу на разьвiтаньне: «Да спатканьня, да сустрэчы». Я табе кажу на разьвiтаньне: «Да спатканьня, да сустрэчы».
Словы знакамітага паланэзу "Развітанне з Радзімай" беларускага паэта Сяржука Сокалава-Воюша, пакладзеныя на музыку Міхала Клеафаса Агінскага, як ніколі сталі актуальнымі для ксяндза Мікалая Ліпскага. У нядзелю 18 чэрвеня лучайскі пробашч развітваўся са сваёй першай у жыцці парафіяй, са сваімі сябрамі і знаёмымі, якіх сустрэў на гэтым этапе жыцця.
Незвычайная адданасць парафіі, дарэчы, у якой давялося узрастаць у веры, будучы падлеткам. Несамавітая прага да жыцця, неабыякавае стаўленне да багатай і цікавай гісторыі Лучая, нястомная жаданне развівацца і крочыць наперад – ўсё паспрыяла таму, каб Лучай на працягу апошніх 10 год ператварыўся у сапраўдную духоўную і культурную сталіцу рэгіёну. Здаецца, і адзін у полі воін, калі ён ведае, да чаго імкнуцца. Ксёндз Мікалай Ліпскі –сапраўдны нацыянальны святар. Як прыклад таго, як трэба любіць сваю радзіму, месца, дзе нарадзіўся і вырас. Вядома, што такія святары патрэбны ўсюды. Тым больш, што ёсць у нашай дыяцэзіі мясціны, дзе знішчаная савецкімі часамі духоўнасць, патрабуе адраджэння. Новае месца прызначэння святара: парафія Марыі Магдалены ў Новалукомлі – самым маладым горадзе Беларусі і парафія Перамянення Панскага ў Чашніках.
Развітальная святая Імша прайшла акрамя Лучая, яшчэ і ў капліцах у Старым Двары, Навасёлках, Цешалаве. Не хаваючы слёз, вернікі развітваліся са сваім пробашчам. Мясцовая паэтка прысвяціла верш ксяндзу Мікалаю. У якім выразіла падзяку ад парафіянаў за духоўнасць, прыгажосць, створаную вакол касцёла, і за незабыўныя моманты вандровак па нашай краіне і далёка па-за яе межамі.
Але сапраўды цяжка адразу ўзгадаць і пералічыць усе дасягненні Лучайскага пробашча за гады свайго служэння. Многае задуманае, якое здавалася не рэальным спачатку, удалося здзейсніць. Ператварэннне прыкасцельнай тэрыторыі ў "Жывую Біблію": усталяваныя фігуры 12 Апосталаў, аднаўлена старажытная агародджа і запаўненна 65 нішаў барэльефамі са сцэнамі на Евангельскія сюжэты. Мора кветак, фантанаў, дарожак і разнастайных прыгожых кампазіцый вакол святыні з капліцамі Маці Божай і св. Францішка. На вежы касцёла ўсталяваны сучасныя куранты з рознымі мелодыямі. Узведзены першы ў свеце помнік Папу Бэнэдыкту XVI. Скульптура Міхала Клеафаса Агінскага, знакамітага польскага і беларускага кампазітара, які паходзіў з роду фундатараў касцёла, усталявана да 250-годдзя нараджэння. Уваходная брама набыла свой першапачатковы выгляд, яшчэ даваенны. Імправізаваная сцэнічная пляцоўка перад агародджай касцёла выкладзена пліткай і ўваходныя вароты былі заменены на сучасныя – каваныя. А над брамай надпіс “Ad Maiorem Dei Gloriam”, што дакладна адпавядае ўсяму, што ствараецца ў Лучаі – “Дзеля большай хвалы Божай”.
Наблізіцца да Бога праз прыгажосць створаную Ім і руплівай працай людзей – галоўная ідэя служэння ксяндза Мікалая. Для яго духоўнае і культурнае заўсёды побач. Аб гэтым сведчаць шматлікія канцэртныя праграмы, рэгулярныя сустрэчы з вядомымі паэтамі, цікавымі людзьмі, напрыклад, як астраном Цімафей Авілін, як паэт Леанід Дранько-Майсюк, Усевалад Сцебурака і Андрэй Хадановіч, як музыкант і рэстаўратар музычных інструментаў Алесь Лось. Сотні беларускіх выканаўцаў, творчай інтэлегенцыі даведалася пра Лучай з яго багатай спадчынай, дзякуючы ксяндзу Мікалаю. Штогод адбываўся канцэрт арганнай музыкі ў межах фестываля "Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны". Парафія Святога Юды Тадэвуша Апостала з'яўляецца адзінай у Беларусі, сярод каталіцкіх парафій, якая належыць да экалагічнага праекту "Белы бусел". Дзейніцае душпастырства супольнасці чыгуначнікаў. Лучай уключаны ў турыстычны маршрут. Сюды наведваюцца штогод тысячы турыстаў, вернікаў. Але і парафіяне шмат вандруюць па краіне і па свеце таксама па ініцыятыве пробашча Мікалая Ліпскага. Гэта і святыні нашай краіны: Будслаў, Браслаў, Гродна, Несвіж, Росіца, Мосар, так і агульнахрысціянскія санктуарыі ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Германіі, Італіі былі наведаны вернікамі з парафіі і шматлікімі землякамі з Шаркаўшчыны. І шмат іншага, што створана і перажыта за гэтыя гады…
Падчас Святой Імшы ксёндз Мікалай дзякаваў Богу за сваіх бацькоў, і за кожнага, з кім яму давялося сустрэцца падчас служэння ў Лучаі. Сваю апошнюю нядзельную гамілію ў Лучаі святар прысвяціў тэме "жніво вялікае, ды работнікаў мала". Сапраўды, вялікае жніво чакае напераддзе ксяндза Мікалая. Але, як кажуць, "большому кораблю-большое плаванье". Застаецца спадзявацца, што будучы лучайскі пробашч перайме эстафету ад ксяндза Мікалая і працягне распачатую ім працу і што створанае за дзесяцігоддзе не будзе страчана.
Тэкст:Алена Клімза-Колтан. Фота: Сяргей Вшыўкоў.
|
Комментарии
RSS лента комментариев этой записи