| 
 ПЯРЛІНА ВІЦЕБШЧЫНЫ 
  
У невялікай адлегласці ад палаца знаходзіцца мураваны двухвежавы езуіцкі касцёл св. Тадэвуша, фундаваны ў 1766 годзе Эльжбетай Пузыняй з Агінскіх, але дабудаваны ў 1776 годзе пры Тадэвушы Агінскім у пераходным ад барока да «станіслаўскага» класіцызму стылі. 
  
Мар’ян Марэлоўскі не выключае, што ён быў збудаваны па праекту італьянскага архітэктара Карла Спампані. Касцёл знутры пакрыты паліхромным жывапісам. Партрэты фундатараў – Альжбеты з Агінскіх і Антонія Пузыні, шчасліва захаваліся да нашых часоў і знаходзіліся ў касцёле да сярэдзіны 70-х гадоў  XX ст. У 1992 годзе партрэты адрэстаўраваны і зараз знаходзяцца ў Віцебскім мастацкім музеі. 
      
Трохнэфавая крыжова-купольная базыліка з двухвежавым фасадам-нартэксам была заснавана ў 1766 г. па фундацыі Т. і А. Агінскіх, пасвечана ў 1777 г. віленскім біскупам Ф. Тавяньскім. Алтарная частка касцёла мае лучковае завяршэнне, крылы трансэпта не выступаюць за межы прамавугольнага плана, купал на міжкрыжжы схаваны ў канструкцыі двухскатнага даху і з вонку не бачны. 
  
У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкай на адзіночных папружных арках. Міжнефавыя аркады і травеі бакавых нефаў падтрымліваюць двайныя папружныя аркі, у выніку чаго апорныя слупы атрымалі складаную канфігурацыю са шматлікімі раскрапоўкамі. Уся паверхня сценаў і скляпенняў дэкаравана фрэскавай размалёўкай у тэхніцы " грызайль", якая імітуе скульптурную лепку і архітэктурны стафаж. 
  
  
 Сухаватая рацыянальнасць кананічнай кампазіцыі гэтай езуіцкай базылікі, выкарыстанне вялікага дарыйскага ордэра, характэрнага для класіцызму, цяжкаватасць масаў будынку, сведчаць пра пераход да новай плыні, так званага барочнага класіцызму, звязанага з эпохай Асветы ў Заходняй Еўропе. 
 Аўтарства роспісаў Лучайскага касцёла звязваюць з выдатным мастаком гэтага перыяду Казімірам Анташэўскім. Арган быў усталяваны ў 1811 годзе. Ён меў мануал і 12 рэгістраў (на сённяшні дзень засталося 5 рэгістраў). Зараз арган суправаджае службы і ў касцёле ладзяцца канцэрты для турыстаў і шукаем спонсараў для рэстаўрацыі інструмента. 
      
Пасляваенная гісторыя касцёла вельмі шматгранная.У 1946 годзе касцёл быў зачынены і пераўтвораны ў склад. Святароў саслалі ў Сібір.Вядома гісторыя парафіянкі Ганны Дубовік(сястры Міхаэлі), якая рушыла за імі ў ссылку. З 1985 года пачалася рэстаўрацыя касцёла старшынёй калгаса імя Суворава Валадзько Алегам Адольфавічам.
  
  
У сучасныя дні ўсталяваныя куранты, аднаўляецца агародджа і кветнікі. 
У 2006 годзе распачаў службу ксёндз Мікалай Ліпскі, які працягваў добраўпарадкоўваць прыкасцельную тэрыторыю. 
 З чэрвення 2017 года пробашчам стаў Яўген Міхайлаў.  
  
 |