Мiкалайкі-2016 |
06.12.2016 19:51 |
Свята "Мiкалайкі" стала ўжо традыцыйным у Лучайскай парафіі. Шаноўны госць – святы Мікалай, завітаў ў касцёл у Лучаі і ў навакольныя капліцы ў Старым Двары, Навасёлках і Цешалаве. Святая Імша ў Лучайскай святыні адбылася ў інтэнцыі пробашча Мікалая Ліпскага з нагоды імянінаў. Святар з удзячнасцю узгадаў і тых людзей, якіх добры Бог ставіць на яго шляху і , безумоўна, сваіх бацькоў, якія працуюць на карысць парафіі. Запрошаны гурт "LAUDANS" з Мінска, добра вядомы парафіянам за неаднаразовы ўдзел у святах, граў і спяваў для вернікаў падчас святой Імшы ў Лучаі. Дарэчы, на працягу ўсяго нядзельняга дня артысты радавалі сваёй творчасцю вернікаў і ў капліцах.
Падчас гаміліі святар, распавядаючы пра святога Мікалая, заахвоціў прысутных браць прыклад з самага папулярнага і шанавага хрысціянскага святога. Ксёндз Мікалай нават задаў "хатняе заданне": 6 снежня, калі ўвесь каталіцкі Касцёл узгадвае святога Мікалая, зрабіць падарункі сваім блізкім і родным, каб ніхто не застаўся абдзелены бескарыслівай любоўю і дабрынёй. Напрыканцы святой Імшы ксёндз Мікалай прымаў віншаванні з нагоды імянінаў ад сваіх парафіян і ад землякоў з Шаркаўшчыны. Чарговы верш-віншаванне ад паэткі Кацярыны Сосна і букет невянучых кветак ад малітоўнага руху "Маргарыткі". Дзякуючы за памяць, святар нават пажартаваў, што ўжо можна выдаваць кнігу вершаў-пажаданняў ад гасцей.
Здаецца, з аднолькавым хваляваннем чакалі і дарослыя, і дзеці святога Мікалая. І вось пад песню Віктара Шалкевіча "Балада пра святога Мікалая" завітаў чаканы госць. Адразу ж дзеткі абступілі яго, атрымалася гутарка, святы Мікалай задаваў пытанні, каб даведацца пра рэлігійныя веды. Дзеткі паказвалі здольнасьці, расказвалі малітву, хтосьці вершык ці дарыў падрыхтаваны малюнак. Атрымаўшы падарункі, шчаслівыя дзеткі зрабілі памятнае фота з шаноўным госцем.
Не абдзяліў сваёй увагай святы Мікалай нікога з прысутных у храме. Здаецца, да слёз былі расчуленыя многія, бо кожнаму чалавеку, нягледзячы на ўзрост, заўсёды прыемна, калі яго заўважаюць і робяць прыемныя сюрпрызы. Быццам, пацяплела ў гэты марозны снежаньскі дзень ад увагі і дабрыні, якую пашчасліла адчуць. Як жа цудоўна, што традыцыя "Мікалаек" працягваецца ў парафіі, каб кожны мог не толькі тэарэтычна даведацца пра святога Мікалая, але і пазнаёміцца з ім. Тэкст: Алена Клімза-Колтан |