Святы Юда Тадэвуш |
Юда – з габр. Jehuda (“годны пашаны”). Гэтае імя было вельмі папулярнае ў габрэяў. Двое з Апосталаў мелі імя Юда, таму св. Юда быў названы Тадэвушам, каб адрозніць яго ад Юды Іскарыёта, здрадніка. Імя Апостала Юдя Тадэвуша мы сустракаем у Евангеллях (гл. Ян 12,22; Мц 10,3; Мк 3,18). Юда Тадэвуш паходзіў з Каны Галілейскай. Лічыцца, што яго братамі былі Якуб Малодшы (у сваім Евангеллі св. Лука называе Юду “Юда Якубавы”) і, магчыма, св. Сымон. Св.Юда быў сваяком Езуса Хрыста, бо маці Юды, Марыя Клеафасава, была сястрой (па цётцы) Маці Езуса Хрыста. Батькам Юды быў Клеафас – брат св. Юзафа, абранніка Панны Марыі. Юда Тадэвуш, яго браты і бацькі ўсім сэрцам былі адданыя справе распаўсюджавання Евангелля і спадарожнічалі Збавіцелю падчас Яго апостальскай дзейнасці. Св. Юда Тадэвуш з’яўляецца аўтарам адной з кніг Новага Запавету – Паслання святога Апостала Юды. У Пасланні бачна вялікая пакора св. Юды,які не згадвае пра сваё сваяцтва з Езусам, але называе сябе Яго слугою. Падчас Апошняй Вячэры св. Юда, як і ўсе Апосталы,быў вельмі ўзрушаны тым, что Пан прынізіў Сябе да слугі і мыў ім ногі. Цяжка было стрымацца і не запратэставаць, калі Езус і яму пацаў мыць ногі, але Юда ўспомніў, что сказаў Езус Пятру: “Калі не абмыю табе ногі, не будзеш мець часткі са Мной”. Гэта Юда Тадэвуш падчас Апошняй Вячэры запытаў у Настаўніка: “Пане,чаму ты хочаш аб’явіць Сябе нам, а не свету?”. Езус адказаў: “Хто любіць Мяне,той спаўняе слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і мы прыйдзем да яго, і зробім сялібу ў яго. Хто не любіць Мяне, не спаўняе слоў Маіх; слова ж, якое вы чуеце, не ёсць Маё, але Айца, што паслаў Мяне”. Св. Юда вельмі добра запомніў гэтыя словы і паўтараў іх сваім слухачам падчас абвяшчэння Добрай Навіны. Памятаў пра іх і тады, калі пісаў Пасланне да хрысціянаў, асцерагаючы іх перад фальшывымі настаўнікамі. Св. Юда Тадэвуш ведаў, што яго місіяй з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля аж да апошніх хвілінаў жыцця. Пасля Апошняй Вячэры ён вырушыў у нялёгкую дарогу – апостальскае падарожжа, з якога ўжо не вярнуўся ў Ерузалем. Спачатку св. Юда абвяшчаў Евангелле ў Месапатаміі. Пазней ён сустрэўся ў Персіі са св. Сымонам і з таго часу Апосталы разам абвяшчалі веру ў Хрыста ў Лівіі і Персіі. Падчас сваіх падарожжаў Апосталы запалілі шмат душаў агнём любові Божай, здзяйснялі шматлікія цуды і многіх з’ядналі ў імя Збавіцеля. Не дзіўна, што іх дзейнасць выклікала нянавісць у паганаў. Св. Юда і св. Сымон прынялі пакутніцкую смерть: іх забілі кіямі. Цела св. Юды з цягам часу было перавезена ў Рым і па сённяшні дзень знаходзіцца ў базыліцы св. Пятра, дзе шматлікія вернікі аказваюць яму вялікую пашану. Папа Павел III у брэве ад 22 верасня 1548 г. удзяліў поўны адпуст тым, хто будзе маліцца каля святых рэліквій Апостала ў дзень яго свята, г. зн. 28 кастрычніка. Са стражатных часоў св. Юда Тадэвуш лічыўся апекуном у безнадзейных справах. Існуюць тысячы сведчанняў таго, што малітвы вернікаў да св. Юды і праз яго заступніцтва цудоўным чынам былі выслуханыя Богам нават у такіх абставінах, калі, паводле людскога меркавання, не было ўжо ніякай надзеі. Як лічыць адзін з настаўнікаў духоўнага жыцця, Збавіцель, жадаючы павялічыць у людскіх сэрцах сэрцах пашану да гэтага святога, імя якога супадае з імем Юды-здрадніка і міжволі выклікае непрыязнь, менавіта праз заступніцтва св. Юды Тадэвуша ўдзяляе дапамогу тым, хто знаходзіцца ў стане,блізкім да ропачы. Адзін з хрысціянскіх пісьменнікаў сведчыць: “Сярод ушанавальнікаў св. Тадэвуша напэўна няшмат знойдзеш такіх, каму б гэты святы Апостал адразу не дапамог у хваробах, у самых вялікіх спакусах, у найбольш закаранелых дрэнных залежнасцях, у роспачы, ва ўціску, у смутку, у нястачы, у знявазе, у беднасці і нават у такіх абставінах, у якіх увогуле, здавалася, дапамагчы ўжо было немагчыма”. Вядома, што той, хто ў самых складаных жыццёвых сітуацыях з глыбокаю вераю звернецца да св. Юды, абавязкова атрымае дапамогу – калі не тую ласку, аб якой просіць, то духоўную моц, каб несці свой крыж, цалкам аддаючыся Божай волі. У мастацтве св. Юда прадстаўлены ў доўгім чырвоным альбо ў карычнева-чырвоным плашчы, у руках ён звычайна трымае абраз Езуса. Паводле легенды, ён аздаравіў гэтым абразом караля Абгара. Абгар V, кароль Эдэсы і сучаснік Езуса, заразіўся праказай,спалохаўся,што надышоў канец яго жыцця, таму выслаў ліст да Пана Езуса з просьбай аб аздараўленні. Ліст павінен быў занесці мастак, якому кароль загадаў напісаць партрэт Езуса. Пасланнік намаляваў Збавіцеля, але партрэт быў такі няўдалы, што Езус узяў у рукі пэндзаль і сам яго выправіў. Кароль Абгар толькі зірнуў на гэтую выяву Езуса – і адразу ж цудоўным чынам вылечыўся. Ён пажадаў прыняць хрост, які яму ўдзяліў адзін з вычняў Пана, Тадэвуш, што якраз абвяшчаў у гэтай мясцовасці Добрую Навіну. Цудоўны абраз Езуса быў змешчаны на браме Эдэсы, дзякуючы гэтаму горад стаў непераможнай крэпасцю. Атрыбутамі св. Юды з’яўляюцца таксама рыбацкая лодка, камяні, крыж, кніга, посах, булава, меч, сякера і палкі, якімі ён быў забіты. |