Пасланне Св.Юды
(1-25) 1 Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус. 2 Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў. 3 Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым. 4 Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста. 5 Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў. 6 Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня. 7 Як Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём. 8 Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты. 9 Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!» 10 А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць. 11 Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе! 12 Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя, 13 гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны. 14 Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых, 15 каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі». 16 Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці. 17 Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста, 18 які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў. 19 Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа. 20 Але вы, умілаваныя, умацоўвайце сябе на падмурку найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. 21 Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага. 22 Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя; 23 другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.
24 А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі, 25 Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн. ___________________ © Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|