Навэнна да св.Юды Тадэвуша |
Першы дзень Святы Юда Тадэвуш, славуты Апостал і вялікі заступник перад Богам за тых, хто прыходзіць да цябе з глыбокім даверам! Адкрываю перад табой маё заклапочанае сэрца і ўмольна прашу цябе апекавацца мною. Ад усяго сэрца прагну быць сярод тых, хто цябе праслаўляе, і сярод тых, для каго ты выпрасіў у Бога Усемагутнага ласку, аб якой яны прасілі. Яны абвяшчаюць таксама, што ты, святы Юда Тадэвуш, не адмовіў ім у сваёй апецы ў самыя цяжкія, поўныя роспачы і безнадзейнасці, хвіліны іхняга жыцця. Гэты іх голас і нязломная вера ў тваё заступніцтва і дапамогу захапіла і мяне. І вось я каля тваіх ног горача і шчыра прашу быць заступнікам у маёй справе…(назваць просьбу). Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Другі дзень О святы Юда Тадэвцш, славуты Апостал, які па закліку Езуса Хрыста пайшоў за Ім, аддаючы Яму сваё сэрца, поўнае любові, веры і пашаны. У Хрысце, у Яго вучэнні і ў яго Боскай місіі ты знайшоў натхненне для сваёй вялікай апостальскай працы і стаў адным з першых будаўнікоў каталіцкага Касцёла, хрысціянскай любові і маралі. О святы Юда Тадэвуш! Я прагну ісці па жыцці, наследуючы цябе, і горача прашу цябе: будзь натхненнем для маіх думак і ўчынкай — і я стану карысным для нашага каталіцкага Касцёла, служачы добрым прыкладам для сваіх бліжніх. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Трэці дзень Святы Юда Тадэвуш, славуты Апостал! Нейкая дзівосная моц ахоплівае маё сэрца, калі думкі мае шукаюць цябе і спыняюцца пры табе, мой заступнік! Тады я спазнаю цудоўнае пачуццё веры ў тое, што ты побач са мною, клапоцішся пра мяне, гасячы маю трывогу перад небяспекаю, якая мне пагражае. Выпрасі для мяне, о св. Юда Тадэвуш, ласку,каб гэты шчодры давер, які я адчуваю да цябе, ніколі не згасаў, каб пры жыцці гэты давер быў для мяне шчытом і абаронаю і каб прывёў ён маю душу пасля смерці да тваёй светлай постаці, а праз цябе — да Найсвяцейшага Аблічча Езуса Хрыста, нашага Збаўцы. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Чацвёрты дзень О св. Юда Тадэвуш! Паколькі ты ўжо ведаеш патрэбы і жаданні маёй душы, дай мне дастаткова сілы і ўмацоўвай маю волю, каб праз прыкладнае жыццё і добрасумленнае выкананне маіх штодзённых абавязкаў я спаўняў місію пашырэння хвалы Божай, да якой паклікаў нас Хрыстус. Дапамажы мне ісці шляхам любові і хрысціянскай маралі, шляхам, які вядзе да сапраўднага чалавечага шчасця ў нашым зямным жыцці і да збаўлення душы. Хрыстус Пан абвяшчаў, што шчасце чалавецтва на зямлі заключаецца ў вечнай і найважнейшай праўдзе, якою з’яўляецца любоў да Бога і Бліжняга. Няхай жа гэты самы ўзнёслы элемент Хрыстовай навукі праменіцца ўва мне і ў тых, хто побач са мною жыве, працуе і ідзе па жыцці пад штандарам Езуса Хрыста. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Пяты дзень Святы Юда Тадэвуш! Праз памяць пра Муку і смерць Езуса Хрыста, праз трывогу і боль, якія пранізвалі тваё сэрца, выпрасі мне ў Бога ласку мужна несці крыж, ускладзены на мяне Божым Провідам. Дапамажы мне прыняць яго з рук Божых, калі не з радасцю, як гэта чыніў ты і Святыя Божыя, то, прымасі, з ціхім падпарадкаваннем Божай волі ў духу веры і жалю за свае грахі. О святы Апостал, сведка жыцця і смерці Езуса Хрыста! Узгадай тую слодыч, якою напоўнена было тваё сэрца, калі твой дарагі Настаўнік Хрыстус вучыў цябе і іншых Апосталаў маліцца святою малітваю “Ойча наш…”. Прашу цябе: выпрасі для мяне ласку, каб я заўсёды з як мага большай вернасцю і даверам служыў твайму Боскаму Настаўніку ажно да канца майго жыцця. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Шосты дзень Дзякую табе, о святы Юда Тадэвуш, дарагі мой і славуты Апостал, за тое, што ты ўмацаваў маю сілу волі, якая дазваляе мне з надзеяй глядзець у будучыню. Шчырым сэрцам дзякую табе за тое, што ты аддаляеш ад мяне боязь перад пагаршэннем умоваў майго жыцця, што знішчае дарэшты пакутлівую трывогу, якая ўзнікла ўва мне з-за новых турботаў і так прыгнятала мяне. Усталёўвай, о святы Юда Тадэвуш, гэтую палёгку ў маім сэрцы і ўзмацняй мой душэўны спакой. Нахай стане ён для мяне жаданай ласкай — дарам Хрыстовай любові. Учыні, каб і надалей, у кожнай сваёй жыццёвай патрэбе, я чэрпаў з гэтага дару моц і сілу. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Сёмы дзень Святы Юда Тадэвуш! Пасля дзён надзвычайнага смутку ты зведаў невымоўную радасць, калі зноў убачыў свайго ўмілаванага Настаўніка, які на трэці дзень пасля сваёй смерці паўстаў з мёртвых, каб з’явіцца перад сваімі вучнямі — Апосталамі. Выпрасі ў Бога ласку адраджэння ўва мне расткоў дабра, каб быў я годны Хрыстовай міласэрнасці. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Восьмы дзень Святы Юда Тадэвуш! Ты ў сваёй апостальскай працы вучыў, што светам кіруе Божы Провід, што гэтая сіла валадарыць вечна, яна ўсё пранікае і ўсё ажыўляе, і менавіта на гэтай сіле пабудаваны каталіцкі Кастёл. Учыні, мой заступнік, каб у хвіліны цярпення і турботаў я імкнуўся ў ягоныя брамы і, упаўшы каля падножжа алтара Хрыстовага, у Езусе Хрысце знайшоў суцяшэнне. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… Дзевяты дзень О святы Юда Тадэвцш, славуты Апостал! Няхай навекі будзе благаславёнае імя тваё, няхай павялічваецца колькасць тых, хто ўшаноўвае цябе. Да іх належу і я, і буду належаць ажно да майго апошняга ўздыху, бо маё сэрца, мая душа і ўся істота мая адчуваюць збаўленчую праўду, абвешчаную спрадвеку, што кожнаму, хто малітоўна працягне да цябе рукі і шчыра, з найвялікшай верай папросіць у цябе паратунку і дапамогі, таму ты не адмовіш у сваім заступніцтве. Буду праслаўляць цябе і абвяшчаць хвалу твайго імя, бо праз тваё заступніцтва сыходзіць на мяне Божае благаславенне. Амэн. Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу… |