Батлейка не састарэе! PDF Печать E-mail
10.02.2016 19:01

 

У апошнюю нядзелю Карнавалу, перад пачаткам Вялікага Посту, лучайскую парафію святога Юды Тадэвуша, Апостала, наведаў тэатр "Батлейка".

Батлейка1

У склад яго уваходзяць: Алесь Лось – этнограф, музыкант, мастак, які адзіны ў Беларусі вырабляе старажытныя народныя музычныя інструменты, Алеся Сівохіна – артыстка, бард, кіраўнічка тэатра "Жывое слова" і Алёна Мялешка – скрыпачка, выкладчыца музыкі. Варта нагадаць, што Батлейка – гэта беларускі народны лялечны тэатр, які быў вядомы яшчэ з XVI стагоддзя. Гэта адзін са старажытных відаў беларускага мастацтва, гэта наша народная спадчына. Назва батлейка паходзіць ад горада Бэтлеем, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус. Звычайна прадстаўленне ладзілася ў перыяд Божага Нараджэння. 

Батлейка2

Пасля нядзельнай святой Імшы для вернікаў была магчымасць акунуцца ў старажытныя беларускія традыцыі. Алесь Лось кіраўнік тэатра, напачатку распавёў пра тое, што прадстаўленая ў Лучаі, батлейка гістарычная, з калекцыі этнографа Шэйна. Яна з'яўляецца копіяй з Батлейкі 1860 года, прывезенай даследчыкам з Магілеўшчыны. Унікальнасцю гэтай батлейкі з'яўляецца тое, што выкарыстаныя тэксты не "мадэрновыя", а аўтэнтычныя. Музычнае суправаджэнне захавала старажытныя традыцыі народнай ігры на скрыпцы. Алесь Лось у сваім аповядзе падкрэсліў, што "Батлейка не састарэе, таму што тэксты захоўваюць сучасную тэматыку". Сцэна ўяўляе сабой двухярусную скрыню з дзверцамі, за ёй знаходзяца артысты, якія кіруюць самаробнымі лялькамі і агучваюць іх рознымі галасамі. 

 

Батлейка3

 

Прадстаўленне складалася з двух частак. Першая частка: містэрыяльная драма "Цар Ірад", другая частка: пяць інтэрмедый іранічнага характару. Гледачы выказалі сваю падзяку шчырымі апладысментамі і напрыканцы змаглі зрабіць памятнае фота з батлейкай-лялечным тэатрам. Госці таксама падзякавалі за цёплы прыём, узгадаўшы род Агінскіх разам з мэцэнаткай лучайскага касцёла – Альжбету Агінскую Пузыну, якая шмат таксама рабіла для культуры, навукі і веры. Алесь Лось падкрэсліў важнасць таго, што працягваецца і падтрымліваецца справа продкаў, спалучаецца культурнае з духоўным.

 

Батлейка4

 

Цудоўна, што Лучай адкрыты на музыкаў, творцаў розных жанраў і накірункаў. Галоўнае, на што робіцца акцэнт гэта захаванне нашых спрадвечных традыцый і развіцце і падтрымка новых талентаў, якімі так багата наша Радзіма.

Тэкст: Алена Клімза-Колтан.

Фота: кс. Мікалай Ліпскі

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай