Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная! |
05.04.2016 17:42 |
У першую няделю пасля Вялікадня ад 2000 года каталіцкі свет перажывае свята Божай Міласэрнасці. Усталявана яно па просьбе самога Пана Езуса, які падчас аб'яўленняў святой Фаўстыне Кавальскай, неаднаразова заклікаў: "Я жадаю, каб было свята Божай Міласэрнасці." Сярод іншых формаў ушанавання Божай Міласэрнасці- гэта свята з'яўляецца самым важным. У Лучайскім касцёле святога Юды Тадэвуша, Апостала, падчас нядзельнай Літургіі маліліся ў інтэнцыі ўдзельнікаў малітоўнага апостальства "Маргарыткі"і за святароў, за якіх паўсталі малітоўныя группы. А таксама святая Імша адпраўлялася аб Божым бласлаўленні для ксяндза Мікалая, які неўзабаве адзначыць дзявятую гадавіну святарства. Гамілію святар прысвяціў тэме Божай Міласэрнасці, якая цесна звязана з таямніцай Уваскрашэння. Напрыканцы набажэнства парафіяне і землякі з Шаркаўшчыны павіншавалі ксяндза Мікалая з чарговай гадавінай святарства. Шаркаўшчынская паэтка Кацярына Сосна падаравала чарговы верш-віншаванне: "Цярністы шлях Вы выбралі аднойчы. Так Бог рашыў і Вам па ім ісці: Быць паслядоўнікам сваім прарочыў І крыж нялёгкі па жыцці нясці…" (урывак) Дарэчы, аўтарка з'яўляецца і ўдзельніцай "Маргарытак", моліцца ў інтэнцыі ксяндза Мікалая. Сімвалам малітоўнага руху з'яўляецца простая палявая кветка -рамонак, таму кошык з салодкімі рамонкамі стаў падарункам для Лучайскага пробашча. Кульмінацыйным момантам у віншаванні стала прысяга перад Богам і Касцёлам-маліцца ў інтэнцыі ксяндза Мікалая на працягу ўсяго жыцця. Сем шаркаўшчынскіх парафіянак ўрачыста паабяцалі вечную малітву. Традыцыйныя "Sto lat" у выкананні гурта "Laudans" і вернікаў падсумавалі святочныя віншаванні.
Адарацый Найсвяцейшага Сакраманту закончылася нядзельнае набажэнства. Вернікі памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, які быў прадыктаваны Езусам святой сястры Фаўстыне, як малітва перапрашэння і ўтаймавання Божага гневу. Молячыся Вяночкам, вернікі просяць аб "міласэрнасці для нас і ўсяго свету", такім чынам здзяйсняюць учынак міласэрнасці. Гістарычным момантам свята стаў пачатак перагрынацыі абраза Езуса Міласэрнага, які будзе пераносіцца з хаты ў хату па парафіі. Запланавана перагрынацыя ў рамках Юбілейнага Года Міласэрнасці і святкавання 250-годдзя заснавання Лучайскай святыні, якое адзначаецца сёлета. Абраз паказвае ўваскрослага Збаўцу, які прыносіць людзям спакой праз адпушчэнне грахоў цаною сваёй мукі і крыжовай смерці. Пан Езус даў наступныя абяцанні ўсім, хто будзе яго ушаноўваць: "Праз гэты абраз Я буду ўдзяляць душам шмат ласкаў, а таму няхай кожная душа мае да яго доступ." Першая сям'я, да якой накіруецца абраз – гэта бацькі ксяндза Мікалая. Воляй лёсу сталася, што з выхадам на заслужаны адпачынак яны перабраліся ў роднай Шаркаўшчыны ў Лучай і з'яўляюцца першымі і галоўнымі памагатаямі свайму сыну.
Здаецца, ўсё ў гэты дзень было прысвечана культу Божай Міласэрнасці. Святочны канцэрт, які падараваў прысутным добра вядомы гурт "Laudans" з Мінска, быў часткова складзены як з песень на словы святога Яна Паўла ІІ і ксяндза Яна Твардоўскага, так і з разважанняў святой Фаўстыны Кавальскай. Гэта манахіня з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, якую Пан Езус выбраў сакратаркаю і апосталкаю сваёй міласэрнасці, каб праз яе перадаць свету вялікае пасланне. Збаўца сказаў святой сястры Фаўстыне: "У Старым Запавеце Я пасылаў свайму народу прарокаў з громам. Сёння Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёю міласэрнасцю. Я не хачу караць збалелага чалавецтва, а прагну яго вылечыць, прытуляючы да свайго міласэрнага сэрца." Традыцыйна ксёндз Мікалай падзякаваў прысутным за ўдзел, а артыстам за цудоўны выступ і, паблаславіўшы на шчаслівае вяртанне дамоў, запрасіў на бліжэйшы фэст новага сезону ў гонар святога Андрэя Баболі, які запланаваны на суботу 14 мая.
Тэкст: Алена Клімза-Колтан. (паводле luchai.by) Фота: Зміцер Лупач
|