Фэст у Лучаі ў чарговы раз парадаваў арыгінальнасцю і нацыянальным каларытам |
04.10.2012 15:58 |
У суботу, 19 мая, лучайскі касцёл святога Юды Тадэвуша стаў цэнтрам шчырай малітвы і добрага настрою — тут адбылася ўрачыстасць у гонар Святога Андрэя Баболі. У Лучаі сабраліся вернікі і святары не толькі мясцовай парафіі, але і госці з іншых куткоў Беларусі. Святочная Імша з удзелам хора з Дзеркаўшчыны, урачыстая працэсія, арыгінальны канцэрт, творчая «вёска майстроў» — усё гэта разам з выдатным сонечным надвор’ем зрабіла фэст яркім і запамінальным. У паветры ля касцёла развяваліся сотні стракатых сцяжкоў, была арганізавана бяспройгрышная латарэя і продаж сувеніраў, у тым ліку зробленых сваімі рукамі — вязаныя рэчы прадставілі мясцовыя майстрыхі.
Моцную хвалю пазітыўных эмоцый, асабліва ў моладзі, выклікала выступленне папулярнага беларускамоўнага гурта «Рэха». Яго саліст з каларытнай знешнасцю Андрусь Такінданг зачараваў прысутных сваім незвычайным голасам і беларускамоўнымі песнямі. «Фэст атрымаўся, але толькі дзякуючы вялікай працы парафіянаў. У падрыхтоўку ўключылася большая частка вернікаў, — адзначыў пасля ўрачыстасці ксёндз Мікалай Ліпскі. — Вельмі прыемна было прымаць у касцёле такую колькасць святароў. Спадзяюся, што і далейшыя ўрачыстасці ў нашай парафіі будуць праходзіць так жа шчыра і збіраць вялікую колькасць вернікаў». Фэст скончыўся, але пакінуў у сэрцах вернікаў шэраг прыемных пачуццяў і успамінаў. Ужо ў ліпені яны зноў збяруцца ў святочнай абстаноўцы — тут адбудзецца фэст святой Ганны. Касцёл сустрэне іх яшчэ большай прыгажосцю — сёння на яго тэрыторыі вядзецца шмат будаўнічых работ. |