Для лучайскай парафіі Ганна больш, чым жаночае імя. Гэта сімвал светлага духоўнага свята, якое штогод збірае мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей. Сёлета ўрачыстасць у гонар святой Ганны адбылася 28 ліпеня і падаравала прысутным шмат станоўчых эмоцый — праграма свята была надзвычай насычанай.
Калі звярнуцца да гісторыі, святую Ганну ўшаноўвалі ўжо ў VI стагоддзі. У 555 годзе ў Канстанцінопалі быў пабудаваны храм у гонар святой. Паўсюдным жа ўшанаванне святой Ганны стала ў ХІІІ–ХІV стст.
Для вернікаў Ганна — узор і прыклад духоўнага, рэлігійнага выхавання. Святая Ганна і святы Яўхім выхавалі Панну Марыю так, што яна змагла прыняць Духа Святога. Ганна — узор бабулі і маці, якая навучыла вернасці, адказнасці, працалюбству.
Фэст святой Ганны ў Лучаі традыцыйна пачаўся святой Імшой, у якой прынялі ўдзел сотні вернікаў з самых розных парафій. Столькі католікаў у касцёле св. Юды Тадэвуша ў Лучаі сустрэнеш нячаста, акрамя галоўных літургічных святаў — усяго тры разы на год, калі праходзяць адпустовыя ўрачыстасці ў гонар святых Андрэя Баболі, Ганны і Тадэвуша. Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі, бралі ў ёй удзел і прыезджыя святары з Сянно і Дунілавіч.
Пасля святой Імшы адбылося асвячэнне чарговых новых барэльефаў, якія ствараюць унікальнае Евангелле ў абразах вакол святыні. Размяшчаюцца яны ва ўжо існуючых нішах агароджы вакол касцёла, узрост якой налічвае каля трохсот гадоў. Усяго плануецца стварыць больш за 60 барэльефаў, каля паловы з іх ужо гатовы. Іх выканаўца — мастак з-пад Мінска Леў Аганаў.
Барэльефы не адзіныя «новабудоўлі» на тэрыторыі старажытнага касцёла. Адна за адной тут з’яўляюцца велічныя скульптуры каталіцкіх святых, радуе вока і сэрца новая капліца св. Францішка, дэкаратыўная кампазіцыя з вадаёмам і макетам панскага палаца ў Лучаі, які быў знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Мяркуючы па колькасці будаўнічых матэрыялаў на тэрыторыі касцёла, добраўпарадкаванне тэрыторыі яшчэ далёка не закончана.
Пасля асвячэння барэльефаў адбылася насычаная святочная праграма з «Лучайскімі пачастункамі», забавамі, «Вёскай майстроў». Яркай аказалася музычная частка фэста — свае песні прысутным падаравалі працаўнікі навасёлкаўскага Дома культуры, а таксама папулярныя беларускія гурты «Recha», «N.R.M.» і каталіцкі гурт «Небасхіл». Дарэчы, падобныя канцэрты для Лучая — з’ява прывычная. Кожны месяц, пачынаючы з красавіка гэтага года, тут праходзяць выступленні вядомых музыкантаў. Запланаваны яны і надалей — ажно да студзеня наступнага года.
Упершыню адбылося сёлета ў Лучаі фаер-шоу, якое арганізавалі запрошаныя госці з Мінска. Закончыўся фэст яркім салютам над касцёлам.
Ужо хутка — 5 жніўня — у касцёле св. Юды Тадэвуша адбудзецца новае свята, якое арганізуе кс. Мікалай Ліпскі з нагоды свайго юбілею. У гэты дзень упершыню прагучыць нядаўна напісаны гімн Лучаю да 470-годдзя гэтай мясцовасці, які, хочацца спадзявацца, з часам стане неад’емным сімвалам парафіі. Таксама запланаваны канцэрт і іншыя святочныя мерапрыемствы. Пачатак — у 16.30. Лучай ізноў запрашае! |