Лучай зноў здзіўляе |
04.10.2012 16:03 |
Пасля надзвычай маштабнага святкавання фэсту святой Ганны, здаецца, гэта зрабіць было немагчыма. Але ў мясцовага ксяндза Мікалая Ліпскага няма мяжы ідэям — 5 жніўня, праз некалькі дзён пасля свайго 35-гадовага дня нараджэння, ён падараваў парафіянам чарговае свята веры і творчасці — «Парц’юнкулі». Адной з яго галоўных падзей было асвячэнне капліцы св. Францішка на тэрыторыі лучайскага касцёла. Ідэя яе стварэння ўзнікла дзякуючы буслам, якія некалькі гадоў таму пасяліліся на дрэве каля агароджы. А паколькі св. Францішак з’яўляецца апекуном прыроды, кс. Мікалай вырашыў побач з гэтым сімвалічным месцам зрабіць капліцу з яго выявай. Ад ідэі да яе ўвасаблення прайшло некалькі гадоў, і сёння ў Лучаі з’явілася яшчэ адно месца для шчырай малітвы.
Для асвячэння капліцы ў Лучай былі запрошаны айцы францішкане з Удзела і айцы капуцыны з Докшыц. Удзельнічалі яны і ў святой Імшы, якая ў той дзень была асабліва ўрачыстай: парафіяне ад усяго сэрца віншавалі ксяндза Мікалая Ліпскага з юбілейным днём нараджэння. Святар служыць у Лучаі ўсяго пяць гадоў, і за гэты час ён ператварыў вёску ў культурную і духоўную «сталіцу» рэгіёна. Адно за адным тут ладзяцца святы, канцэрты папулярных беларускіх гуртоў. Вялізная колькасць сіл укладзена пробашчам у добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла, і сёння шматлікія турысты не перастаюць захапляцца каталіцкай святыняй. «Што Вамі рухае? Маглі б спакойна служыць, не стамляючы сябе шматлікімі арганізацыйнымі клопатамі, якія не ўваходзяць у Вашы абавязкі», — часта пытаюцца ў кс. Мікалая. Ён адказвае: «Лучайскі касцёл — сапраўдны скарб Віцебшчыны, і не толькі архітэктурны, але і духоўны. Нездарма кажуць, што тут можна ўбачыць „усмешку Бога“ — настолькі непаўторная прыгажосць гэтых мясцін. Мне хочацца прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей да гэтага святога месца. Каб яны маглі ў складаных справах звярнуцца да Бога праз пасрэдніцтва галоўнага апекуна парафіі — святога Тадэвуша, у велічнай прыгажосці задумацца над сэнсам свайго жыцця або проста адпачыць душой». З лучайскім касцёлам звязана шмат асабістых успамінаў ксяндза Ліпскага. У вёску ён прыязджаў да бабулі, і менавіта тут перажыў сапраўднае аднаўленне сваёй веры, тут узрасціў яе зерне. І было так заўгодна Богу, каб менавіта сюды, у Лучай, ён прыйшоў служыць пасля атрымання святарскага пасвячэння. Найлепшым падарункам святару былі шчырыя, кранальныя віншаванні вернікаў і прысутнасць самых дарагіх людзей — бацькоў і сяброў. Пятага жніўня ўвойдзе ў гісторыю парафіі яшчэ і таму, што менавіта ў гэты дзень упершыню прагучаў гімн Лучая. Ідэя, як і з капліцай, выношвалася доўга і ажыццявілася сёлета, калі Лучаю споўнілася 470 гадоў з моманту заснавання. Аўтары гімна — парафіянін Алег Зямчонак з пастаўскага Парыжа і мінскі кампазітар Аляксей Жбанаў падаравалі прысутным незвычайныя пачуцці гонару за сваю маленькую радзіму. Праца над галоўнай песняй парафіі яшчэ вядзецца — кампазітары спрабуюць пакласці тэкст на музыку аргана або аркестра. Вядзецца праца і па стварэнні герба і флага Лучая. Дзякуючы такім мерапрыемствам, з кожным месяцам пра Лучай даведваецца ўсё большая колькасць людзей, ахвотнікаў прыехаць сюды становіцца толькі больш. З задавальненнем прыходзяць на святы і мясцовыя жыхары, каб адпачыць ад штодзённай мітусні і гаспадарчых клопатаў, духоўна і культурна узбагаціцца. Вось і гэтым жнівеньскім вечарам на ўра ўспрымалася выступленне беларускамоўнага гурта «Recha» і мінскага барда Аляксея Жбанава, якія паставілі ў святкаванні музычную кропку. Дакладней шматкроп’е — яшчэ столькі ўсяго наперадзе… |