Лучай адзначыў 470-годдзе PDF Печать E-mail
04.10.2012 16:05

«На беларускай зямлі цудоўнай, там, дзе квітнее пастаўскі край, у сваёй велічы невымоўнай нас сустракае здалёк Лучай…» Гэтымі паэтычнымі словамі пачынаецца гімн вёскі з маляўнічай прыродай, шыкоўнай архітэктурай, цікавай гісторыяй і таленавітымі людзьмі. 30 верасня галоўная песня мясцовасці прагучала не раз — Лучай адзначаў сваё 470-годдзе.

Цэнтрам свята традыцыйна стаў касцёл св. Юды Тадэвуша. Апоўдні тут распачалася ўрачыстая святая Імша, на якой у малітве аб’ядналіся вернікі мясцовай і іншых парафій. Яе ганаровым госцем стаў ксёндз з Браслава Антоній Земба.

 

Гасцей, дарэчы, у каталіцкай святыні і ў будні нямала. Турысты з Беларусі і замежжа ў любую пару года прыязджаюць у Лучай, каб палюбавацца касцёлам — шэдэўрам архітэктуры канца XVIII стагоддзя. Будаваў яго італьянскі архітэктар Карл Спамані. Сцены і зводы ўнутры касцёла распісаны знакамітым беларускім мастаком Казімірам Анташэўскім.

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя у святыні захоўвалася тэхніка, гародніна і зерне. Пазней храм вярнулі католікам, адрэстаўрыравалі, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю. Асабліва шмат сіл у гэтую працу ўклаў мясцовы ксёндз Мікалай Ліпскі, які ўжо шосты год працуе ў лучайскай парафіі. Дзякуючы яго старанням вакол касцёла з’явілася адноўленая агароджа з дзясяткамі барэльефаў, статуі апосталаў, капліца св. Францішка, макет палаца… А колькі святаў падарыў ксёндз вернікам! Кожны фэст, кожная ўрачыстасць праходзіць тут ярка і запамінальна. 

Пра выдатныя творчыя і арганізатарскія здольнасці кс. Мікалая Ліпскага гаварыў і старшыня навасёлкаўскага сельсавета Канстанцін Мядзведзеў, выступаючы перад вяскоўцамі пасля Імшы. Асаблівыя словы падзякі ён адрасаваў лучайцам, якія падтрымліваюць ідэальны парадак не толькі на сваіх падворках, але і на прыкасцёльнай тэрыторыі. Ксёндз Мікалай Ліпскі, Галіна Фёдарава, Валянціна Пронька, Аляксандр і Надзея Курдо, Іван і Ганна Каралёнкі, Эміль і Людміла Файферы былі адзначаны ганаровымі граматамі сельсавета.

Старшыня сельсавета коратка расказаў прысутным пра багатую гісторыю вёскі Лучай. Землі вакол яе спрадвеку належалі прадстаўнікам самых знакамітых сем’яў. Лучай упершыню ўпамінаецца ў 1542 годзе як уладанне Забярэзінскіх. Праз два стагоддзі ён пераходзіць да Альжбеты Пузына (Агінскай). У 1755 годзе яна падарыла вёску свайму брату Тадэвушу Агінскаму, па распараджэнні якога і быў пабудаваны касцёл.

Шмат пакаленняў змянілася на лучайскай зямлі. І сёння тут жывуць і працуюць гасцінныя, добразычлівыя, працалюбівыя людзі. Вершы і песні ім падарылі на свяце мясцовыя самадзейныя артысты: Вікторыя Корзан, Ірына Шымчык, Галіна Рагіня, Дзяніс Шымук, Надзея Каспяровіч, Марыя Літвіновіч. Прыехалі на свята і вядомыя беларускамоўныя выканаўцы з Мінска — гурт «Верасень», спявачка Паліна Рэспубліка, музыкант, літаратар і мастак Лявон Вольскі.  

Упершыню ў Лучай завітаў народны клуб нацыянальнай кухні «Груца» з радзюкоўскага СДК Шаркаўшчынскага раёна. Яго ўдзельнікі за сімвалічную плату частавалі прысутных не толькі салодкай выпечкай, але і блінамі, спечанымі на калодзе. Быў таксама ў чарговы раз са сваімі вырабамі гурток «Жаночы час» з Шаркаўшчыны.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, свята атрымалася цёплым і душэўным. У гісторыі Лучая іх яшчэ будзе шмат. Ужо 27 кастрычніка тут адбудзецца галоўнае парафіяльнае свята — фэст св. Юды Тадэвуша. 

«Хай жа сябрам ён і далей свеціць зоркаю яснаю праз гады, каб яго слава ішла па свеце, малітва лунала над ім заўжды!» — гучала пра Лучай у гімне, які разам праспявалі прысутныя.

Хай свеціць яшчэ не адно стагоддзе!

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай