Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці i біскуп Уладзіслаў Блін прынялi ўдзел ва ўрачыстасці ў Лучаі PDF Печать E-mail
29.10.2012 20:31

27 кастрычніка 2012 г. на свята св. Юды Тадэвуша ў Лучай прыбыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел таксама біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. Філіпа Чампанэлі, святары з Мінска і іншых парафій, шматлікія вернікі, дзеці і моладзь. На святкаванне прыбыла і вялікая група дзяцей разам са сваім душпастырам з Нарачы.

Людзі заўсёды адзначалі святы, гадавіны, юбілеі найбольш урачыстым чынам. У Касцёле на працягу літургічнага года мы адзначаем найважнейшыя для нашай веры падзеі: Нараджэнне Хрыста, Яго муку і Уваскрасенне, Спасланне Духа Святога, святы Маці Божай і дні нараджэння для неба святых, якіх узгадваем у літургіі. Святкаванне патрэбна нам, бо без яго чалавек стаў бы бедным духоўна. Святкуючы, мы нагадваем сабе пра тое, што важнейшае ў нашым жыцці, што павінна надаваць сэнс нашаму існаванню.

Вернікі парафіі Св. Юды Тадэвуша ў Лучаі вельмі добра разумеюць сэнс святкавання, надаючы святам і ўрачыстасцям таксама культурнае вымярэнне. Можна сказаць, што невялікая вёска Лучай ператварылася ў культурную і духоўную «сталіцу» рэгіёна. Адно за адным тут ладзяцца святы, канцэрты папулярных беларускіх гуртоў. Вялізная колькасць сіл укладзена пробашчам у добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла, і сёння шматлікія турысты не перастаюць захапляцца каталіцкай святыняй. 

Турысты з Беларусі і замежжа ў любую пару года прыязджаюць у Лучай, каб палюбавацца касцёлам — шэдэўрам архітэктуры канца XVIII стагоддзя. Будаваў яго італьянскі архітэктар Карла Спамані. Сцены і зводы ўнутры касцёла распісаны знакамітым беларускім мастаком Казімірам Анташэўскім. Нядаўна Лучай святкаваў сваё 470-годдзе, якое ўрачыста адзначалася 30 верасня 2012 г.

Сёлетняе свята ў Лучаі мела некалькі нагодаў. Вернікі жадалі ўшанаваць св. Юду Тадэвуша, апекуна парафіі, які дапамагае ў цяжкіх справах і да якога трэба звяртацца асабліва тады, калі чалавек не бачыць выйсця са складанай сітуацыі. Старэйшыя вернікі Лучая падкрэсліваюць, што гэты іх апякун ужо не аднойчы выбаўляў іх ад небяспекі, якое пагражала ім і сем’ям. Вернікі перакананы, што заўсёды могуць разлічваць на дапамогу святога.

Таксама ў гэты дзень арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці здзейсніў асвячэнне фігуры апостала Якуба Малодшага, устаноўленай каля касцёла.

Яшчэ адной нагодай для свята стала тое, што Апостальскі Нунцый удзяліў групе з 10 чалавек сакрамэнт канфірмацыі.

Прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў урачыстую Імшу і звярнуўся да вернікаў у гаміліі. Іерарх адзначыў, што з часу яго прыезду ў Беларусь прайшоў год. Апостальскі Нунцый нагадаў, што пабываў за гэты перыяд ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны і што Віцебская дыяцэзія ўразіла яго сваёй прыгажосцю. «Вы жывяце ў вельмі прыгожым рэгіёне, дзе азёры адкрываюць душу для надзеі», — дадаў арцыбіскуп.

Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень прымаў сакрамэнт канфірмацыі, Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што дадзены сакрамэнт — своеасаблівая пячатка, якой Бог пацвярджае наш хрост. Як адзначыў арцыбіскуп Гуджэроцці, Езус Хрыстус — гэта камень, а трымаюць гэты камень 12 калонаў — апосталы, якім Езус даручыў сведчыць пра Бога, пакуль не прыйдзе на зямлю ў другі раз. Пад калонамі знаходзяцца маленькія калонкі — біскупы, якія працягваюць місію апосталаў. Па словах іерарха, біскупы атрымалі заданне ўмацоўваць хрысціян у веры. Нунцый дадаў, што прыбыў у Лучай, каб таксама ўмацоўваць у веры кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі і ўсіх вернікаў.

Акрамя гэтага, арцыбіскуп Гуджэроцці заахвоціў моладзь ісці па ўсім свеце, нават у самыя схаваныя куточкі зямлі, каб несці ўсім Божае слова і каб дзякуючы гэтаму агеньчык Божай любові дайшоў да ўсіх людзей. Апостальскі Нунцый перасцярог маладых вернікаў перад вятрамі — значыць спакусамі, якія могуць загасіць гэты Божы агеньчык. Іерарх падкрэсліў, што асаблівая спакуса сённяшняга дня — спакуса павярнуцца спіной да Хрыста. Арцыбіскуп заклікаў моладзь да таго, каб агонь веры ў Хрыста, які «дае цяпло і ачышчае ўсю зямлю, перадаваць далей, несці гэтае Божае святло ва ўсе куткі зямлі».

Падчас святой Імшы адбылася працэсія з дарамі, у якой, між іншым, неслі выкананы ўручную вялікі абраз св. Юды Тадэвуша.

Пасля літургіі адбыўся прыгожы канцэрт мінскіх выканаўцаў: гурта «Alte Mente» і «Класік Авангард». Стала традыцыяй, што вялікія ўрачыстасці ў Лучаі завяршаюцца феерверкам, які парадаваў удзельнікаў свята і ў гэты дзень.

Праз удзел у святой Імшы, а пасля прысутнічаючы на канцэрце, вернікі адначасова праслаўляюць Бога, а разам з тым, што асабліва важна ў Год веры, памнажаюць дар веры ў сабе.

Візіт Апостальскага Нунцыя, біскупа Уладзіслава Бліна, святароў і шматлікіх пілігрымаў у Лучай стаў вялікай нагодай да радасці. Хрысціянская радасць дадзена для таго, каб перажываць яе ў супольнасці з іншымі вызнаўцамі Хрыста. Кожны перажывае свята па-свойму, аднак па-сапраўднаму яго можна адчуць толькі разам з іншымі людзьмі. Тады свята становіцца праўдзівай крыніцай шчасця і своеасаблівай духоўнай тэрапіяй. 

Галоўныя крыніцы хрысціянскай радасці — вера, надзея і любоў. Ласка веры робіць чалавека шчаслівым. Варта памятаць, што магчымасць верыць у Бога, верыць Богу і верыць у праўду, аб’яўленую ў Богу, а таксама ведаць, што мы любімыя Панам і самі можам любіць (пар. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 386, 387, 388), з’яўляецца пастаяннай крыніцай радасці. 

У лучайскай святыні ў гэты дзень быў час на супольную радасць, а паколькі яна з’яўляецца плёнам Духа Святога (пар. Гал 5, 22–23), то аб ёй трэба прасіць Яго ў малітве.

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай