Усе дарогі вядуць у храм |
08.12.2012 18:40 |
Трапіць на аўдыенцыю да Папы Рымскага, пакланіцца мошчам святых — мара кожнага каталіка. У пілігрымаў з Пастаўскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў яна нядаўна здзейснілася. Дзякуючы ініцыятыве ксяндза лучайскай парафіі Мікалая Ліпскага адбылося падарожжа па святых месцах Італіі. 10 дзён, 7 тысяч кіламетраў дарогі, бясконцая колькасць шчырых малітваў і незабыўных уражанняў — такое не забываецца! Трапіць на аўдыенцыю да Папы Рымскага, пакланіцца мошчам святых — мара кожнага каталіка. У пілігрымаў з Пастаўскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў яна нядаўна здзейснілася. Дзякуючы ініцыятыве ксяндза лучайскай парафіі Мікалая Ліпскага адбылося падарожжа па святых месцах Італіі. 10 дзён, 7 тысяч кіламетраў дарогі, бясконцая колькасць шчырых малітваў і незабыўных уражанняў — такое не забываецца! Падрыхтоўка да паездкі пачалася яшчэ ў пачатку года. Велізарную арганізацыйную работу правялі ксёндз Мікалай, парафіянка Эма Касцюк, Алена Клімза і ў першую чаргу, Агнешка Хрол — уражэнка Шаркаўшчыны, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў Італіі. Яна не толькі гасцінна прыняла землякоў-беларусаў у чужой для іх краіне, але і расказала шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра мясцовыя славутасці. У дарогу! Амаль дзве тысячы кіламетраў па жывапісных дарогах Беларусі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Італіі — і мы ў Венецыі, нашым першым пункце назначэння. Гэты рамантычны, не падобны ні на адзін у свеце горад сустрэў цёплым сонцам і пакінуў такія ж успаміны. Бірузовае Адрыятычнае мора, гандолы і гандальеры, бясконцыя каналы і масты, стракатыя маскі, вузенькія вулачкі, і, канечне, шыкоўныя славутасці архітэктуры на “чале” з саборам святога Марка — іх з памяці час не сатрэ ніколі. Узрушаныя венецыянскай казкай, рушым далей. Па дарозе любуемся бясконцымі палямі вінаграднікаў, аліўкавых дрэў, персікаў, якія для нас такія экзатычныя. Вось і наступны прыпынак — горад Ларэта. У ім знаходзіцца адна з найвялікшых святыняў хрысціянства — Дом Маці Божай. Якім чынам ён апынуўся ў Італіі, калі Марыя жыла ў Назарэце? Паводле падання, дом, дзе расла і выхоўвалася Маці Божая, знайшла падчас падарожжа па святым месцам раўнаапостальная Алена. Яна загадала пабудаваць над ім царкву. У ХІІІ стагоддзі яе разбурылі крыжаносцы, і лёс святога дома стаў вызываць апасенні. У Італіі ён апынуўся загадкавым чынам: па адной з версій, гэта зрабілі анёлы, па другой — эпірскія правіцелі. У Ларэта вакол маленькага жытла Марыі пабудавалі агромністую “Базіліку Святога дома”, якая стала адным з самых папулярных паломніцкіх цэнтраў каталіцкай Еўропы. Пілігрымы з Беларусі не толькі наведалі гэта святое месца, але і прынялі ўдзел у Імшы, якую непасрэдна ў доме Маці Божай правёў ксёндз Мікалай Ліпскі. Магчымасцю правесці службу па-беларуску пілігрымы скарысталіся і ў горадзе Сан Джавані Ратонда, славу якому прынёс айцец Піа. Тут, у мясцовым манастыры, ён пражыў больш за 50 гадоў і здзейсніў шматлікія цуды. Яшчэ пры жыцці каталіцкага святара гэтае месца наведвалі тысячы паломнікаў. Прычына — наяўнасць на целе айца Піа стыгматаў (крыватачывых ран на месцы знагоджання ран распятага Хрыста), якія зніклі толькі пасля смерці. Прычыну іх з’яўлення не вынайшлі ні ўрачы, ні навукоўцы, што пацвердзіла думку пра святасць айца. Таму расказы пра магчымасць “бачыць” пражытае жыццё чалавека і знаходзіцца ў розных месцах адначасова не здаюцца фантастычнымі. Калі раней у Сан Джавані Ратонда стаялі агромністыя чэргі на споведзь да айца Піа, то сёння — да грабніцы з яго целам. Не пабаяліся іх і мы. Разам з дзясяткамі тысяч паломнікаў, якія наведалі Сан Джавані Ратонда ў той выхадны дзень, мы шчыра маліліся ля месца пахавання святога айца. Ужо ў сярэдзіне пілігрымкі ўражанняў было столькі, што хапіла б на гады наперад. А колькі светлых эмоцый яшчэ чакала наперадзе! Па гарах, уздоўж Адрыятычнага мора едзем на самы поўдзень Італіі — горад Бары, які з’яўляецца мэтай пілігрымкі. Штогод сюды прыязжаюць мільёны хрысціян з усяго свету, каб пакланіцца мошчам святога Мікалая Цудатворцы. Ён быў пахаваны на тэрыторыі сучаснай Турцыі, але ў ХІІ ст. італьянскія купцы перавезлі яго мошчы ў Бары. Яшчэ пры жыцці святы Мікалай праславіўся як прымірыцель ворагаў, абаронца несправядліва асуджаных. Пасля смерці яго ўшанаванне распаўсюджваецца вельмі хутка, і праз стагоддзі меншым не становіцца. У велічнай базіліцы, ля мошчаў свайго заступніка, ксёндз Мікалай праводзіць Імшу. Як заўсёды, яму дапамагаюць дзяўчаты з лучайскай парафіі, якія сваімі пранікнёнымі малітоўнымі спевамі да слёз кранаюць вернікаў з усяго свету. Яшчэ неаднойчы наша група пачуе ўдзячнасць за такую прыгожую малітву. У Бары доўга не затрымліваемся — наперадзе чакае Рым. Найстаражытнейшы горад, да якога вядуць усе дарогі, з перашага погляду ўражвае сваёй архітэктурай. У ім сканцэнтравана такая колькасць гістарычных і духоўных помнікаў — тыдня не хопіць, каб усё пераглядзець. Мы знаёмімся толькі з самымі вядомымі славутасці — папскімі базілікамі, Калізеем, Рымскім Форумам, фантанамі Трэві, пантэонам, і самае галоўнае, Ватыканам. Гэты цэнтр каталіцкага свету, рэзідэнцыя Папы Рымскага, самая маленькая дзяржава свету знаходзіцца на тэрыторыі Рыму, але цалкам ад яго незалежная. Галоўны храм гэтага святога месца і ўсёй каталіцкай супольнасці — базіліка Святога Пятра, якую будавалі непаўторныя Рафаэль і Мікеланджала. Да 1990 года сабор быў самым вялікім хрысціянскім храмам у свеце, яго пышнаму ўбранству пазайздросціць любы касцёл свету. Па перыметры сабора бачым шматлікія шэдэўры мастацтва, каштоўныя рэліквіі хрысціянства, шматлікія грабніцы рымскіх пап, каралей і імператараў. Паднімаемся на купал — і з вышыні птушынага палёту любуемся сталіцай каталіцкага свету. На наступны дзень вяртаемся ў Ватыкан зноў, каб разам з дзясяткамі тысяч вернікаў з усіх кантынентаў атрымаць благаслаўленне Папы Рымскага. Што знамянальна, менавіта з ім мы распачынаем Год Веры, аб’яўлены каталіцкай Царквой. Здаецца, эмоцый больш не засталося, але сіньёра Італія так не лічыць. Заязджаем у невялікі горад Асізі і ў чарговы раз сузіраем выключную гармонію прыроды і веры. Падымаемся ў гару, пад аблокі — і трапляем у “рэзідэнцыю” святога Францішка, які нарадзіўся менавіта ў Асізі і менавіта тут заснаваў вядомы францысканскі манашскі ордэн. Непадалёк, у яшчэ адным храме, знаходзяцца мошчы святой Клары, ля якіх таксама давялося памаліцца нашай групе. Пілігрымка блізкая да завяршэння. Гэта быў адпачынак душы і сэрца, якія дакрануліся да найсвяцейшых духоўных каштоўнасцей. Яны яшчэ больш узмацнілі нашу веру і надалі сіл крочыць па жыцці далей. З Італіяй развітваемся у Падуі. Доўгая дарога дадому насычана на ўспаміны. Яны і сёння, праз месяц пасля пілігрымкі, расквечваюць шэрую беларускую восень. Іна СНЯЖКОВА. |