“Мікалайкі” атрымаліся! |
10.12.2012 07:41 |
9 снежня ў Лучаі святкавалі “Мікалайкі”. У касцёле прысутнічалі не толькі вернікі, але і ганаровыя госці — здымачная група Белтэлерадыёкампаніі, вядомы бард з Гродна Віктар Шалкевіч і нават… святы Мікалай. Урачыстую імшу правёў мясцовы ксёндз Мікалай Ліпскі. Ён расказаў парафіянам пра жыццё і дзейнасць свайго анёла-ахоўніка, аднаго з самых шануемых заступнікаў хрысціян. Святы Мікалай нарадзіўся прыблізна ў 270 годзе на тэрыторыі сучаснай Турцыі. З малых гадоў ён прысвяціў сябе служэнню Богу, быў епіскапам горада Міры. У часы ганенняў на хрысціян Мікалай быў заключаны у турму, дзе правёў цэлых восем гадоў. Нягледзячы на катаванні, працягваў прапаведваць хрысціянства. Толькі пасля прыходу да ўлады імператара Канстанціна епіскап зноў стаў правіць сваёй паствай. Быў ён і ўдзельнікам першага Сусветнага Сабору, які праходзіў у 325 годзе ў Нікеі. З гістарычных крыніц вядома, што епіскап Мікалай выступіў абаронцам трох несправядліва прыгавораных да смерці візантыйцаў. Пра іншыя добрыя справы святога ў народе складзены паданні, якія перадаюцца з пакаленняў у пакаленні. Яны расказваюць пра тое, як Мікалай дапамагаў бедным і абяздоленым, а дзецям падкідваў манеткі і ежу ў выстаўленыя за дзверы боцікі. Яшчэ адна легенда апавядае, як ён дапамог беднай дзяўчыне выйсці замуж за каханага, даўшы ёй грошы на пасаг. У 10 стагоддзі ў Кёльнскім саборы ў дзень памяці святога Мікалая (6 снежня) вучням царкоўнай школы пачалі раздаваць салодкія пачастункі. А пазней у Германіі ў дамах сталі вывешваць боцікі і панчошкі для таго, каб святы паклаў туды падарункі дзецям. Гэтыя традыцыі хутка распаўсюдзіліся па Еўропе. Паслухмяных дзетак святы Мікалай не пакідае без прэзентаў. У гэтым у нядзелю пераканаліся маленькія вернікі лучайскай парафіі. Яны атрымалі салодкія падарункі ад еўрапейскага “калегі” Дзеда Мароза, які завітаў у касцёл у кампаніі златакрылых анёлаў. Здзіўленыя дзіцячыя погляды і шчырыя ўсмешкі было не злічыць! Дарослым дадало настрою жывое, эмацыйнае, прасякнутае тонкім пачуццём гумару выступленне барда Віктара Шалкевіча. Перад вернікамі выступілі і лучайцы — у вершаванай форме яны павіншавалі з імянінамі ксяндза Мікалая Ліпскага, пажадаўшы яму Божага благаслаўлення для далейшых спраў. На святой імшы прысутнічалі пілігрымы з Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, якім сёлета пашчасціла пабываць ля мошчаў св. Мікалая ў Бары (пра падарожжы беларусаў у Італіі “Каталіцкі веснік” пісаў у мінулым нумары). На свяце працавала здымачная група Белтэлерадыёкампаніі. У хуткім часе на экраны канала “Беларусь-1” выйдзе відэафільм пра Лучайскі касцёл св. Юды Тадэвуша. Сачыце за праграмай! Іна СНЯЖКОВА. Фота Альфрэда МІКУСА. |