Папа ў Лучаі: фотафакт PDF Печать E-mail
22.02.2013 08:51

Image100003Калі ў 2008-м годзе пробашч парафіі Cв. Юды Тадэвуша ў Лучаі кс. Мікалай Ліпскі толькі задумваў усталяваць у парафіі помнік Бэнэдыкту XVI, наўрад ці ён мог падумаць, што сціплы помнік Пантыфіку — адданасць беларускага Касцёла Святому Айцу — зробіць беларускі Лучай вядомым на ўвесь свет.

Святарская ініцыятыва — помнік Бэнэдыкту XVI стаў таксама знакам удзячнасці ад святароў, якія атрымалі прэзбітарскае пасвячэнне падчас Пантыфікату Яго Святасці — была паспяхова рэалізаваная. Помнік быў выраблены ўсяго за два месяцы!

У першыя дні пасля адкрыцця незвычайнай скультуры Лучай застракатаў у інфармацыйных лентах беларускіх і замежных СМІ: прычым нездарма — помнік, усталяваны ў гонар дзеючага Папы Рымскага, стаў першым у свеце.

Бетонны помнік, выраблены мінскім скульптарам Львом Аганавым, усталяваны на вышыні крыху больш за 4 метры на пастаменце з гербам Святога Айца і мае натуральныя памеры чалавека.

Велічную скульптуру асвяцілі напярэдадні прыезду ў Беларусь дзяржаўнага сакратара папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Сам кардынал скульптуру, на жаль, не пабачыў. Аднак памятны фотаальбом з яе асвячэння атрымаў. Такі ж альбом тады перадалі і Папу.

Рэакцыя на помнік самога Бэнэдыкта XVI невядомая. Аднак, як зазначаюць у Лучаі, пра іх парафію Святы Айцец ведае: Папскую дыпламатычнаю акадэмію ў свой час скончыў іх зямляк кс.-др Аляксандр Рагіня.

Лучай і помнікі

Помнік Бэнэдыкту XVI натхніў пробашча Мікалая Ліпскага на ўзвядзенне паблізу святыні і іншых скульптур. У прыватнасці, плануецца, што ля касцёла будуць узведзены фігуры дванаццаці апосталаў, а таксама створана барэльефнае Евангелле, «прачытаць» якое можна будзе ў абразах у старой касцёльнай агароджы.

Як прызнаецца пробашч парафіі ў Лучаі, цікавасць да гэтай вёскі ў Пастаўскім раёне з кожным годам расце. Толькі за мінулы год касцёл у Лучаі наведала больш за восем тысяч (!) турыстаў.

Прычым прыязджаюць паглядзець не толькі на першы ў свеце помнік Бэнэдыкту XVI (барэльефы з выявай Папы ў свеце ўжо існуюць), аднак і на штомесячныя парафіяльныя святы, адметнасцю якіх сталі канцэрты з удзелам беларускіх гуртоў.

«Што да іншых помнікаў, то ёсць яшчэ адна ідэя, — усміхаецца кс. Мікалай Ліпскі. — Было б вельмі добра паставіць у Лучаі помнік Міхаілу Клеафасу Агінскаму, яго бабуля Альжбета дапамагала ў будаўніцтве нашай святыні. Але не будзем загадваць».

Ілья Лапато OCDS

 Источник:  http://catholic.by/

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай