Бэнэдыкт ХVI застаецца ў Лучаі PDF Печать E-mail
07.03.2013 09:12

28 лютага Папа Рымскі Бэнэдыкт ХVI афіцыйна складзе з сябе паўнамоцтвы кіраўніка Каталіцкага Касцёла, а ў Ватыкане будзе абвешчаны рэжым вакантнага пасаду. За гэтай унікальнай для Каталіцкага Касцёла падзеяй – добраахвотным сыходам Папы Рымскага ў адстаўку – будуць сачыць па ўсім зямным шары. З асаблівай увагай навіны з Ватыкана будуць слухаць у невялікай беларускай вёсачцы Лучай, вядомай у першую чаргу сваім велічным касцёлам святога Тадэвуша, апостала. Акрамя ўсяго іншага, гэты касцёл знакаміты тым, што на яго тэрыторыі быў пастаўлены першы ў свеце помнік Папу Бэнэдыкту ХVI, які зараз жывы.

04

Вёска Лучай, якой у мінулым годзе споўнілася 470 гадоў, знаходзіцца ў 17 км ад Паставаў. Цяпер тут жыве крыху больш за 200 жыхароў. Маецца невялікі магазін і пошта. Некалькі разоў у суткі ходзіць аўтобус у Паставы. Як і ў большасці падобных вёсак у Беларусі, моладзь тут не затрымліваецца, таму мясцовая школа даўно закрыта.

01

Тутэйшы маёнтак неаднаразова пераходзіў з рук у рукі, а ў 1731 годзе яго набыла Эльжбета Агінская , блізкім сваяком каторай быў знакаміты кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, які часта бываў тут.

Побач з вёскай два возеры. Зрэшты, такімі славутасцямі ў Віцебскай вобласці здзівіць цяжка. А вось мясцовы касцёл – гэта галоўнае багацце вёскі. Узвышаны над зямлёй, велічны будынак Дома Божага, відаць здалёк. Раней у Лучаі была і царква старавераў, але яе цалкам разбурылі ў 1960-я гады. Каменны двухвежавы езуіцкі касцёл заснаваны ў 1766 годзе. Канчаткова ён быў пабудаваны ў 1776 годзе пры Тадэвушу Агінскім па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані.

02

У плане архітэктуры ўяўляе сабой традыцыйную для езуіцкага храма крыжовую базыліку са «схаваным» купалам (звонку купал цалкам схаваны пад двухсхільным дахам). У 1811 годзе ў касцёле быў усталяваны арган, які дзейнічае і зараз.

03

Унутры касцёла захаваліся фрагменты арыгінальнага роспісу ў стылі грызайль (імітацыя скульптурных кампазіцый), выкананага вядомым мастаком таго часу, Казімірам Анташэўскім. Гэты ж мастак выканаў роспіс касцёла ў Будславе і Кафедральнага касцёла ў Менску.

33

Лічыцца, што касцёл святога апостал Тадэвуша ў Лучаі пабудаваны ў стылі «барочнага класіцызму». Гэты храм – апошні помнік езуіцкага манументальнага дойлідства, узвядзенне якога было завершана ўжо пасля выгнання ордэна езуітаў з Вялікага Княства Літоўскага.

Касцёл шчасна дзейнічаў і пасля Другой сусветнай вайны. Адзінае, што ён страціў у вайну – мясцовыя жыхары знялі званы, баючыся, што іх забяруць немцы. Як распавядае мясцовая жыхарка Ганна, прыкладна ў 1958 годзе мясцовыя ўлады зрабілі жыццё ксяндза невыносным, і ён проста з'ехаў з гэтых месцаў. За касцёлам сталі прыглядаць парафіянка Ганна (яна выконвала частку каталіцкіх абрадаў) і старэйшага ўзросту былы загадчык гаспадаркі касцёла, які жыў у 5 км Лучая.

16

Так працягвалася да 1971 года, пакуль не прыехаў старшыня сельсавета з грузавікамі, сілай адабралі ключы ў старога і вынеслі з касцёла ўсе каштоўнасці. А старшыню мясцовага калгасу прымусілі ў касцёле зрабіць склад. «Прымусілі» – таму што старшыня не хацеў гэтага. Асобныя актывісты нават прапаноўвалі падарваць касцёл на падставе нібыта яго аварыйнага стану. Наступны старшыня па словах прыхаджанкі Ганны, знайшоў адзін з схаваных яшчэ ў вайну званоў і самавольна прадаў яго. За званом прыехалі на машыне з літоўскімі нумарамі. Цётка Ганна звярталася ў міліцыю, але тая шукаць звон не стала. Адрадзіў Лучайскі касцёл у 1985 годзе старшыня калгаса імя Суворава (да якога далучылі Лучай) – Алег Валадзько. Ён атрымаў у 1988 годзе званне Героя Сацыялістычнай працы, жыве і цяпер. Яшчэ да распачатага ў 1988 годзе ў тысячагоддзе хрышчэння Русі прымірэння дзяржавы з Царквой, Алег Валадзько, як толькі Лучай стаў часткай яго калгасу, аддаў распараджэнне спыніць выкарыстоўваць касцёл пад склад і дамогся прызнання касцёла помнікам архітэктуры з наступнай рэстаўрацыяй. Дзякуючы гэтаму, Каталіцкі Касцёл ў 1990 годзе атрымаў ужо адрэстаўраваную святыню. У самым касцёле на сцяне была ўсталявана памятная пліта з удзячнасцю Алегу Валадзько. За гэты час у Лучаі змянілася 8 ксяндзоў. Цяперашні ксёндз Мікалай Ліпскі служыў тут яшчэ дыяканам.

06

За час свайго служэння ён здолеў добраўпарадкаваць тэрыторыю перад касцёлам, усталяваўшы тут скульптуры апосталаў, прывёў у парадак старую каменную агароджу, упрыгожыўшы яе барэльефамі з біблейскімі сюжэтамі.

07

Большую частку працы даводзіцца рабіць сваімі сіламі, бо сталых парафіян у касцёла няшмат, ды і тыя ў пераважнай большасці пажылыя жанчыны.

08

09

Ксёндз Мікалай шмат робіць для папулярызацыі Лучая, запрашаючы сюды артыстаў і падаючы ім для выступлення касцёл з цудоўнай акустыкай. Некалькі месяцаў таму тут выступаў Віктар Шалкевіч. Цяпер ксёндз Мікалай марыць арганізаваць у Лучаі выступ выканаўцаў «Народнага альбома».

У падвале касцёла размешчана невялікая экспазіцыя фотаздымкаў розных гадоў, якія распавядаюць, якім быў гэты касцёл раней.

У час майго наведвання ўнутры касцёла было холадна гэтак жа, як і звонку – тапіць вялізарны будынак вельмі накладна.

Разам з ксяндзом падымаюся на званіцу. Сцёртыя цагляныя прыступкі, потым – старая, крутая дубовая лесвіца.

11

Механізм гадзінніка на сцяне касцёла сучасны – час усталёўваецца па радыёсігналу аўтаматычна. Побач са званом размешчаны гучнагаварыцель. Звон дзеючы, але яго гучанне прайграваецца праз гучнагаварыцель з аўдыёзапісу.

Родны звон тут ці не, ксёндз Мікалай не ведае.

12

Па бэльках караскаюся вышэй, жадаючы лепш разгледзець звон. Са здзіўленнем бачу на зване кірылічны тэкст на стараславянскай мове. Акрамя праваслаўнай, гэтая мова выкарыстоўваецца і ва ўніяцкай Царкве.

Лезу пад самы купал – калі яшчэ давядзецца пабываць пад купалам старадаўняга касцёла. У надзейнасці старых дубовых бэлек не сумняваюся. Пласт раствора ў цагляным муры роўны прыкладна таўшчыні цэглы. Купал таксама выкладзены з цэглы – вельмі складаная праца для любога муляра. Прычым, цэгла пад купалам бялёсага адцення.

13

Праз акенца ў сцяне званіцы выбіраюся на дах касцёла – адсюль адкрываецца прыгожы від на вёску і два замёрзлых возеры.

14

15

Потым ксёндз паказаў мне паддашша. Вялізны паўкруглы звод касцёла выкладзены таксама з цэглы.

10

Незвычайна бачыць інтэр'ер касцёла з вышыні столі, выглядаючы праз вентыляцыйнае акенца.

34

З надыходам цемры касцёл падсвятляюць пражэктары. Велічнае відовішча – бачны здалёку на фоне цёмнай раўніны велізарны касцёл, які свеціцца і ўзвышаецца над невялікай вёскай.

17

 

18

Паставіць помнік Папу Бэнэдыкту XVI – ідэя ксяндза Мікалая ў першы год служэння ў Лучаі. Як распавядаюць парафіяне, святар выказаў ім сваю ідэю, не выносячы яе на абмеркаванне.

19

Вырабіў помнік скульптар Леў Аганаў. Раней ён жыў у Наваполацку, дзе стаіць помнік яго працы загінуўшым воінам-афганцам. Для Лепеля Леў Аганаў стварыў помнік Льву Сапегу.

Сябраваў Леў Аганаў з ужо памерлым цяпер ксяндзом з Мосара – Юзафам Булькам, які заказваў у яго скульптуры для свайго касцёла. У Мосары скульптар і пазнаёміўся з ксяндзом Мікалаем Ліпскім.

21

Цяпер Леў Аганаў жыве ў Астрашыцкім гарадку пад Менскам, працягваючы ствараць скульптуры і барэльефы для Лучайскага касцёла. Скульптар распавядае, што ўзяў за аснову фатаграфію, дзе Папа Бэнэдыкт XVI вітае паству з балкона ў Ватыкане. Праца над скульптурай заняла тры месяцы.

22

У «мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў» касцёла помнік зроблены з бетону, памерам, блізкім да арыгінала – 1,7 метра вышынёй. Адкрыццё помніка адбылося 15 чэрвеня 2008 падчас візіту ў Беларусь дзяржаўнага сакратара Святога Пасаду – кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Арыгіналу помніка тады перадалі фотаальбом са здымкамі яго скульптуры і відамі касцёла. Аднак адказу ад Папы не было, і пра яго рэакцыю на ўстаноўку ўласнага помніка ў Лучаі невядома.

Пасля ўстаноўкі помніка Папу Рымскаму ў Лучай стала прыязджаць крыху больш турыстаў, чым было раней. Так, у 2012 годзе тут іх пабывала прыкладна 8 тысяч. На жаль, развіццё турызму ў Лучаі сур'ёзна стрымлівае адсутнасць неабходнай інфраструктуры. Тут няма ні гасцініцы, ні пункту грамадскага харчавання. Як вынік – практычна ўсе турысты тут транзітныя.

20

Папа Бэнэдыкт XVI сыходзіць са свайго трона, але помнік яму ў Лучаі будзе стаяць і заўтра.

Васіль Сямашка (фотаздымкі аўтара)

http://naviny.by/

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай