Канклаў абраў новага Папу |
14.03.2013 06:22 |
Новым Папам абраны кардынал Хорхе Марыё Бергольё. Яго абранне адбылося 13 сакавіка падчас вячэрняй сесіі канклаву. У 21 гадзіну 6 хвілін (па беларускім часе) з коміна Сікстынскай капэлы пайшоў белы дым, пачалі біць званы базылікі Святога Пятра, а праз некаторы час кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран абвясціў імя Папы, да гэтага — кардынала Бергольё, які ўзяў сабе імя Францішак. Праз некалькі хвілін сам новаабраны Папа выйшаў на лоджыю, каб прывітаць вернікаў. Новы Папа стаў 266-м, і гэта першы Папа, які паходзіць з Амерыкі і з Лацінскай Амерыкі ў прыватнасці. Першы Пантыфік-езуіт. Яму 76 гадоў. Яго папярэднік, сённяшні Рымскі Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI, 11 лютага падчас кансісторыі ў Апостальскай Сталіцы, абвясціў аб сваім рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра. Новаабраны Папа Францішак нарадзіўся 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) у сям'і італьянскага эмігранта — работніка чыгункі. Належыць да Ордэна езуітаў, у які ўступіў 11 сакавіка 1958 г. У 2005–2008 гг. узначальваў епіскапат Аргенціны. Да абрання — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса і Прымас Аргенціны. Член Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Духавенства, Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па справах сям'і. Папа Францішак абраны на адным з самых кароткіх канклаваў у гісторыі — на другі яго дзень. Вечарам 13 сакавіка, у хуткім часе пасля свайго абрання, папа Францішак (кардынал Хорхе Марыё Бергольё) з’явіўся ў лоджыі ватыканскай базылікі, каб прывітаць вернікаў і ўдзяліць ім сваё першае Апостальскае благаслаўленне «Urbi et Orbi». Таксама Францішак звярнуўся да сабраных вернікаў з прамовай. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік пажартаваў, што, каб «даць Рыму Біскупа (...), браты-кардыналы скіраваліся аж на край свету», падзякаваў жыхарам Вечнага Горада за адкрытасць і заклікаў памаліцца за Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Пасля разам з усімі новаабраны Папа прамовіў малітвы «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу». Пасля малітвы Святы Айцец адзначыў, што з гэтага дня пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народам. Папа заклікаў маліцца, каб ва ўсім свеце настала сапраўднае братэрства. Пантыфік папрасіў таксама ў цішыні памаліцца за яго. Пасля ён удзяліў сабраным благаслаўленне і прызнаўся, што заўтра накіруецца памаліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі. «Дзякуй за вашу адкрытасць. Маліцеся за мяне і да хуткай сустрэчы. Добрай ночы і добрага адпачынку», — сказаў на развітанне папа Францішак. |