Фотарэпартаж Фэст Св.Андрэя Баболі
Свята, якое ў сэрцах.
18 мая ў лучайскім касцёле адбылося адно з галоўных парафіяльных свят — фэст Св. Андрэя Баболі. Яно прайшло з асаблівым размахам: сёлета спаўняецца 75 гадоў з моманту кананізацыі каталіцкага Святога. Фэст сабраў нязвыкла вялікую колькасць вернікаў. Напачатку яны сабраліся на Святой Імшы, якую правёў запрошаны з Наваполацка госць — ксёндз Аляксандр Чайкоўскі. Пачалася ўрачыстасць з асвячэння фігуры апостала Якуба Старэйшага, усталяванага напярэдадні ля касцёла св. Юды Тадэвуша. Прадоўжылася — у глыбокіх філасофскіх развагах ксяндза Аляксандра пра пакутніцкую смерць Св. Андрэя Баболі.
Падчас Імшы прысутныя даведаліся: Святы нарадзіўся у 1591 годзе ў Польшчы, вучыўся ў Вільні ў іезуіцкай і тэалагічнай акадэміях, у 1622 годзе стаў святаром. Служыў і працаваў у Нясвіжы, Бабруйску, Варшаве, Вільні, Пінску… 16 мая 1657 года падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай быў схоплены украінскімі казакамі і люта замучаны. Нягледзячы на катаванні, святар не адрокся ад ідэі еднасці хрысціян. Андрэй Баболя лічыцца адным з нябесных апекуноў Польшчы і Беларусі, з’яўляецца галоўным заступнікам Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Памяць мучаніка ўшаноўваецца і ў Лучаі — у яго гонар тут штогод ладзяцца фэсты. Сёлета на яго былі запрошаны яркія і таленавітыя госці з Шаркаўшчыны — артысты раённага Дома Культуры, хор ветэранаў працы "Надзея", цыркавы калектыў “Мара”, дзіцячы калектыў " Маленькая фея", Дом рамёстваў, клуб нацыянальнай кухні “Груца”, літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак”, клуб “Жаночы час”. Ля касцёла дзейнічала імправізаваная мастацкая выстава з карцінамі мастакоў Віцебшчыны. Выступоўцы з Шаркаўшчыны падаравалі вернікам песні, танцы, вершы, акрабатычныя нумары — адным словам, свята выдатнага настрою.
Іна СНЯЖКОВА. Фотарэпартаж Альфрэда Мікуса і Карыны Радзюш |