Яго Эксцэленцыя мансіньёр Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 г. у в. Герасімова (Браслаўскі раён), на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1994 г.) скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 г.; з’яўляецца прэзбітэрам Віцебскай дыяцэзіі. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Міёрах, абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 г. выконвае абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны. Біскуп Алег Буткевіч у дзень сваёй намінацыі звярнуўся да святароў і вернікаў і сказаў наступнае: “Гэта вялікая годнасць і вялікая адказнасць для мяне. Езус казаў такія словы: “Той, хто сярод вас хоча быць вялікім, няхай будзе апошнім.” "Бог сведка таго, што я ніколі не меў жадання быць кімсьці вялікім, або першым сярод вас усіх. Але я згадзіўся на гэтую прапанову, як на служэнне. І маё заданне - быць слугою для вас, быць слугою для вернікаў нашай дыяцэзіі. Вядома, гэта крыж, які не будзе мне пад сілу, таму я спадзяюся на вашу дапамогу, на вашу падтрымку і малітву. Калі мы разам будзем шукаць Бога, шукаць Хрыста, як сёння нас да гэтага заахвочвае Папа, мы пераможам”. “Дзякую вам за гэтую падтрымку, якую я адчуваю. Сёння для мяне гэта вельмі важна. Я хачу папрасіць вашай дапамогі, вашай малітвы, вашай падтрымкі і паразумення” - заахвоціў новапрызначаны біскуп. “Я ганаруся тым, што я працаваў у гэтай дыяцэзіі як святар сярод вас, і ганаруся тым, што атрымаў прызначэнне быць біскупам у Віцебскай дыяцэзіі” - з радасцю адзначыў біскуп-намінат. Кансэкрацыя новага біскупа адбудзецца 18 студзеня ў 12 гадзін у Віцебскай катэдры. |