"Recha" у Лучаі: "Не марнуйце час на мітусню! Любіце , кахайце адно аднаго!" |
05.01.2014 19:09 |
Не марнуйце час на мітусню! Любіце , кахайце адно аднаго! 5 студзеня, у другую нядзелю пасля Божага нараджэння ў Лучаі адбыўся сапраўдны працяг каляднай "казкі". Пасля святой Імшы вернікі атрымалі сапраўдны калядны падарунак. У чарговы (восьмы!) раз перад прысутнымі ў касцёле выступіў гурт "Recha" на чале з Андрусём Такіндангам. Варта ўзгадаць, што цеснае супрацоўніцтва Лучайскай парафіі і гурта "Recha" пачалося ў 2012 годзе, калі на фэст святога Андрэя Баболі быў запрошаны калектыў. Адразу, пасля першага выступу музыкі заваявалі сімпатыі гледачоў. Цікава, што падабаюцца песні не толькі моладзі, але і людзям паважанага ўзросту. Кожны знаходзіць у іх нешта сваё. Дарэчы, назва "Recha" невыпадковая. Гурт не прытрымліваецца ніякіх стылістычных межаў, а адлюстроўвае тое, што адбываецца ў сучаснай беларускай музыцы: прасочваюцца элементы, рэха і поп-музыкі, і фальклорных матываў, і кабарэ, і аўтарскай песні.
Ёсць падставы меркаваць, што і сёлетні канцэртны сезон у Лучаі будзе не меньш цікавым і насычаным, чым мінулагоднія. Так , на 2 лютага ўпершыню запрошаны выканаўца Алесь Лось. А 2 сакавіка запланаваны канцэрт вядомага беларускага выканаўцы, які ўжо мае тут шмат сваіх прыхільнікаў.
|