28 кастрычніка каталіцкі свет узгадвае святога апостала Юду Тадэвуша. Лучайская святыня носіць тытул гэтага святога, і штогод там ладзяцца фэсты ў гонар нябеснага заступніка. Сёлета гэта адбылося 26 кастрычніка.
Лучаю пашчасціла двойчы. Упершыню — амаль два з паловай стагоддзі таму, калі нябесным апекуном парафіі быў абраны апостал Юда Тадэвуш. Гэтага святога Бог надзяліў ласкай дапамагаць тым, хто страціў надзею і знаходзіцца ў роспачы, і дапамагаць у справах, з якіх, здаецца, няма выйсця. Другі раз пашчасціла, калі ў 2007 годзе ў парафіі распачаў святарскае служэнне малады ксёндз Мікалай Ліпскі. За кароткі час яго намаганнямі Лучай ператварыўся ў сапраўдны аазіс духоўнага і культурнага жыцця Пастаўскага краю.
Тройчы на год тут ладзяцца адпустовыя ўрачыстасці ў гонар святога Андрэя Баболі, святой Ганны, святога Юды Тадэвуша, амаль кожны месяц праводзяцца культурныя мерапрыемствы, на якія запрашаюцца знакамітыя артысты і паэты. Праводзіцца праца па добраўпарадкаванню прыкасцёльнай тэрыторыі, якая ператвараецца ў «жывую Біблію», а лучайскія могілкі набываюць дагледжаны выгляд.
Сёлетняя ўрачыстасць пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. У касцёле знаходзіцца абраз святога Юды Тадэвуша, перад якім ксёндз Мікалай Ліпскі пачаў уступную малітву: «Я люблю Цябе, Стварыцель і Пане, утоены ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Я люблю Цябе за ўсе справы рук Тваіх, у якіх бачу столькі мудрасці, дабра і міласэрнасці...» Разважаннямі над Радаснымі таямніцамі Ружанца моладзь працягнула адарацыю.
Перад Імшой выступіў хор «Ave Maria» з глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы, запрошаны на свята, каб упрыгожыць спевамі святочную літургію. Узначаліў яе ксёндз Віктар Місевіч — галоўны рэдактар газеты «Каталіцкі веснік». Сярод запрошаных святароў былі ксёндз Раман Мурзіч з Параф’янава, ксёндз Славамір Самковіч з Глыбокага, ксёндз Вадзім Прасяной з Паставаў. Гамілію прамовіў святар з Глыбокага, які прыгадаў словы св. Гераніма: «Няма ў свеце такога чалавека, такога неразумнага, які б не шукаў у сваім жыцці веры». Святар разважаў на тэму веры, Божых запаведзяў любові, цытуючы ўрыўкі з «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага.
Надвор’е не паспрыяла таму, каб адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні. Адбылося толькі выстаўленне з літаніяй да святога Юды Тадэвуша і прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».
Ужо немагчыма уявіць лучайскі фэст без канцэрта. Другі год запар на свяце выступае фольк-рок-гурт з Мінска «Alta mente», назва якога ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «ў глыбіні душы». Гурт выконвае акустычную музыку ад фольк-року да класікі. Салістка Кацярына Ваданосава прадставіла некалькі песень на ўласныя вершы і музыку. У канцэрце прагучала некалькі інструментальных кампазіцый. Апладысментамі слухачы выклікалі артыстаў на «біс».
Фінальнай кропкай свята стаў традыцыйны феерверк, які ўпрыгожыў лучайскае неба агнямі.
У 2016 годзе лучайская святыня будзе адзначаць 250-гадовы юбілей. Кожны жадаючы можа далучыцца да стварэння прыгажосці вакол старажытных муроў касцёла праз ахвяру на барэльефы з біблейскімі сцэнамі, якія ўсталёўваюцца ў агароджы.
Алена Клімза |