"Гасанна Божаму Сыну" – урачыстасць Нядзелі Мукі Пана адбылася ў Лучаі. |
13.04.2014 19:52 |
У гэты дзень у касцёлах, асвячаючы галінкі вярбы або іншых раслін, як сімвалы вясны, абуджэння, адраджэння прыроды, вернікі праслаўляюць Збаўцу, як Пераможцу смерці. Урачыстасць Нядзелі Мукі Пана ў Лучаі распачалася традыцыйна каля прыдарожнага крыжа, непадалёк ад касцёла. Там сабраліся вернікі з упрыгожанымі "пальмамі". Прагучала Евангелле пра ўваход Езуса у Ерузалем. Пасля асвячэння "пальмаў" урачыстая працэсія на чале са святаром і міністрантамі пад спеў "Гасанна Божаму Сыну!" накіравалася ў святыню. Лучайская парафія рыхтуецца да 250-годдзя заснавання касцёла, таму на ўваходзе ў святыню размешчаны агромністы банэр з партрэтамі фундатараў касцёла са славутага роду Агінскіх. На бакавых калоннах знайшлі сваё пачэснае месца выявы святых, якія з'яўляюцца апякунамі парафіі: святога Андрэя Баболі, cвятога Тадэвуша і святой Ганны. Падчас літургіі, на якую сабраліся вернікі не толькі з Лучая, але і з навакольных вёсак (дзякуючы транспартнай дапамозе ААТ "Навасёлкі-Лучай") прагучала чытанне Мукі Пана. Скончылася ўрачыстасць традыцыйнай малітвай перад абразом Маці Божай Будслаўскай, які перэгрынуе у Лучаі – "Маці Божая Будслаўская! Штогод мы накіроўваемся да Цябе! А зараз Ты прыйшла да нас!" Разам з пажаданнямі шчаслівага тыдня, ксёндз пробашч Мікалай Ліпскі запрасіў усіх прысутных не толькі на ўрачыстасці Пасхальнага Трыдуума, але і на асаблівую Імшу 27 красавіка, у гонар кананізацыі Папы Яна Паўла ІІ і Папы Яна XXIII. Пасля літургіі запланаваны канцэрт знакамітага беларускага выканаўцы.
Тэкст: Лена Клімза-Колтан Фота: Карына Радзюш
|