Усе мы – вучні Школы жыцця, а Езус – наш Настаўнік PDF Печать E-mail
25.08.2014 19:55

Фотарэпартаж Відэа

yB8qbFdwOXA24 жніўня лучайская парафія сабрала вернікаў, каб памаліцца ў інтэнцыі тых, хто вучыцца, і тых, хто навучае. Як сказаў ксёндз пробашч Мікалай Ліпскі напачатку святой Імшы: "Усе мы – вучні Школы жыцця, а Езус – наш Настаўнік. Таму сённяшняе свята датычыцца кожнага."

Святыня была літаральна перапоўнена дзецьмі школьнага ўзросту, студэнцкай моладзю, настаўнікамі. Усе яны сабраліся, каб папрасіць бласлаўлення на новы навучальны год, які пачнецца праз тыдзень. Гледзячы на іх колькасць, здзіўляешся:" Адкуль у вёсцы, дзе школа ўжо зачынена некалькі год таму – столькі дзетак?" Аказваецца, што прысутныя прыбылі не толькі з іншых вёсак парафіі, а і арганізавана прыехалі з Паставаў, Варапаева, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Мінска і іншых гарадоў. Слава пра Лучайскія святы ўжо разышлася па наваколлі, а зусім нядаўна "адгрымеўшы" фэст святой Ганны, паспрыяў таму, што многія прыбылі, каб аднавіць ў памяці незабыўныя моманты свята. Прыязджаюць падтрымаць свайго зямляка – ксяндза Мікалая, вернікі з Шаркаўшчыны, на гэты раз налічвалася іх каля пяці дзясяткаў!

З вялікім задавальненнем прысутныя слухалі нядзельнае казанне, якое прамовіў ксёндз пралат Павел Кнурэк з лынтупскай парафіі святога Андрэя Апостала. Святар вельмі даступнай мовай, часам з тонкім пачуццём гумару, паразважаў над значэннем малітвы "Ойча наш". Спыняючыся над кожным радком малітвы, якой нас навучыў Пан Езус, ксёндз Павел падрабязна раскрываў сэнс яе словаў. "Калі мы звяртаемся да Бога – Ойча наш, значыць, мы з'яўляемся дзецьмі Божымі, таму для нас – Бог павінен быць на першым месцы."

rpNky0Or SI

Асаблівай узнёсласці святу дадало гучанне двухсотгадовага аргана. Мясцовая моладзь спявала пад суправаджэнне "караля музычных інструментаў". Семінарыст Яўген Хаданёнак з Шаркаўшчыны, які адмыслова валодае інструментам, не застаўся незаўважаным. Ксёндз пробашч напрыканцы святой Імшы падзякаваў арганісту за цудоўнае ўпрыгожванне Літургіі, а вернікі аддзячылі апладысментамі.

На заканчэнне святочнай Літургіі адбылося асвячэнне школьных прыладаў, а пасля кожны прысутны ў касцеле вучань, студэнт, настаўнік, выхавацель атрымаў з рук святара Божае бласлаўленне на новы навучальны год.

Канцэрт, які адбыўся пасля святой Імшы, часткова стаў паўторам мінулага. Здавалася, што надвор'е не спрыяе той весялосці, як пад час фэсту Святой Ганны, але выступ сапраўдных прафесіяналаў даказаў, што "у природы нет плохой погоды". Вядучым праграмы быў госць свята: беларускі эстрадны артыст Нікіта Фаміных, сваімі творчымі бацькамі спявак лічыць народных артыстаў Беларусі – Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігу Паплаўскую (некалькі цудоўных песень з іх рэпертуару таксама прагучалі ў праграме).

emakB2iAQPc

Распачаўся канцэрт з "Лучайскага гімну" ў выкананні аўтара – барда Аляксея Жбанава. Артыст выканаў некалькісваіх песен. Гурт "Рэха" са сваім каларытным салістам Андрусём Такіндангам, проста запаліў публіку. Артысты вельмі ўлюбёныя Лучайскімі слухачамі, многія іх песні ім вядомыя напамяць. Прыемна, што Андрусь парадаваў новымі творамі, якія яшчэ не выконваліся ў Лучаі.

yra2cFg3GRo

Бард Раман Абрамчук і гурт "Гарадзкі вал"упершыню падзяліўся сваёй творчасцю на Лучайскай сцэне. А "залаты акардэон Беларусі" – Дзмітрый Корсак, які пасля ашаламляльнага поспеху на мінулым фэсце, спецыяльна для свята падрыхтаваў дзве новыя кампазіцыі, завёў публіку ізноў! Весялосці ставала ўсім, хто дачакаўся яго выступу.

tgwrEH2MuS4

А якім жа яскравым момантам стаў феерверк каля касцёла!

wjVc83OY5qQ

Свята да Дня ведаў атрымалася вельмі цёплым, радасным, а дождж, стаў "Божым бласлаўленнем" для Лучая! І хоць гэта апошні летні фэст сёлета, застаецца спадзявацца, што і восенню Лучай нас яшчэ парадуе. Парафіяльны адпуст у гонар святога Тадэвуша Апостала, адбудзецца 25 кастрычніка. Усіх, хто шукае дапамогі ў заступніка ў хвіліну роспачы і ў безнадзейных справах, Лучай запрашае да ўдзелу ў фэсце.

Нагадаем, што да 30 жніўня прабудзе валанцёрскі летнік па добраўпарадкаванні прыкасцельнай тэрыторыі і Лучайскіх могілак. Кожны жадаючы паўдзельнічаць, можа далучыцца да стварэння прыгажосці!

Тэкст: Алена Клімза-Колтан

Фота: Ян Касевіч і Зміцер Лупач

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай