Моладзевая сустрэча “Андрэйкі” у Лучайскай парафіі |
30.11.2014 18:25 |
“Андрэйкі” — вясёлае і забаўляльнае свята адзначылі католікі Лучайскай парафіі ў Навасёлках, што на Пастаўшчыне. Яно адбываецца перад пачаткам Адвэнту, у гэты дзень узгадваюць Святога апостала Андрэя.
Раней ноччу напярэдадні посту моладзь забаўлялася, а старыя слухалі ваду і рабілі выснову пра надвор'е на ўсю зіму. Вось і зараз Андрэйкі лічыцца моладзевым святам.
У невялікай капліцы ў Навасёлках сабралася шмат не толькі мясцовай моладзі, але да іх прыехалі і госці з Варапаева, Канстанцінава, Паставаў, Глыбокага, Шакаўшчыны.
Мерапрыемства пачалося з канферэнцыі, на якой усе вернікі разважалі на тэматыку духоўнасці, а моладзь паказала сцэнку. Затым адбылася святая Імша, перад якой прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
На свяце прагучала шмат спеваў, у якіх вернікі праслаўлялі Бога. Таксама выступіў ужо вядомы прысутным хрысціянскі гурт «Laudans» з Менску. Назва гурта ў перакладзе з лацінскай на беларускую мову азначае “Той, хто славіць”. Удзельнікі гурта выканалі некалькі песень у стылі року і блюзу, а потым прэзентавалі свой дыск.
Напрыканцы свята для моладзі былі арганізаваныя пачастункі, духоўныя размовы і дыскатэка.
Таццяна Смоткіна Фото: Сяргей Перапечын |