Сустрэча чыгуначнікаў у Лучаі |
05.01.2015 09:56 |
У першую нядзелю новага 2015 года ў парафіі святога Тадэвуша, апостала ў Лучаі, па запрашэнні кс. Мікалая Ліпскага, адбылася сустрэча работнікаў чыгункі, авіацыі і тых, хто карыстаецца з іх працы.
Душпастырства чыгуначнікаў у Беларусі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, на Гарадзеншчыне. Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам. Таксама яны маюць магчымасць прымаць удзел у пілігрымках не толькі ў Беларусі, але і па за яе межамі, удзельнічаць ў еўрапейскіх сустрэчах чыгуначнікаў. Апекунамі працаўнікоў чыгункі з’яўляюцца – св. Андрэй Баболя і св. Кацярына Александрыйская.
Святую Імшу ў інтэнцыі чыгуначнікаў і іх сем’яў правёў айцец Станіслаў з парафіі Маці Божай Ларатанскай ў Менску. Разам з ім нашу парафію наведалі і свецкія ўдзельнікі душпастарства гэтага накірунку. У гаміліі святар засяродзіў увагу на працу чыгуначнікаў, як на пакліканне – служэння людзям чэрпаючы сілы з жывой веры.
Пасля літургіі адбылася сустрэча з чыгуначнікамі, на якой была малітва, дзяленне аплаткам і размовы пра тое, як удзельнікі душпастарства чыгуначнікаў і авіатараў праводзяць сустрэчы і вольны час пасля працы. Айцец Станіслаў запрасіў чыгуначнікаў нашай парафіі прыняць удзел у бліжэйшай сустрэчы, якія адбудуцца 18 студзеня ў мікрараёне Сокал ў Менску. А наступную сустрэчу чыгуначнікаў вырашылі правесці ў нашай парафіі 15 лютага. На заканчэнне сустрэчы айцец Станіслаў удзяліў усім прысутным благаславенне. Таццяна Лешчык |
Комментарии
RSS лента комментариев этой записи