Нядзеля Божай Міласэрнасці адзначалася ў Лучаі |
13.04.2015 19:13 |
У другую Велікодную нядзелю Касцёл перажывае ўрачыстасць Божай Міласэрнасці. Свята было ўстаноўлена 15 год таму святым Янам Паўлам ІІ. Лічацца, што гэта "апошняя саломінка" для грэшнікаў. Пан Езус падчас аб'яўленняў святой сястры Фаўстыне Кавальскай заклікаў маліцца вяночкам: "Хоць бы грэшнік быў непераканальны, калі раз толькі адгаворыць гэты вяночак, заслужыць ласкі з бясконцай Міласэрнасці Маёй".
Лучайская парафія асаблівым чынам адсвяткавала гэтую нядзелю. Парафіяне, а таксама вернікі з роднай для ксяндза пробашча Шаркаўшчыны, прыбылі ў святыню, каб у гэтае цудоўнае свята паўдзельнічаць у святой Імшы ў інтэнцыі ксяндза Мікалая Ліпскага. Справа ў тым, што 8 год таму ксендз Мікалай атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Уладзіслава Бліна. Гэта адбылося на Вялікдзень 8 красавіка 2007 года. Ксендз Мікалай падчас літургіі дзякаваў Пану Богу за дар святарства і за тых людзей, якіх Бог ставіць на яго жыццевым шляху. Землякі, каб выказаць сваю падтрымку, падрыхтаваліся да гэтай падзеі. Шаркаўшчынская паэтка Кацярына Сосна спецыяльна да гэтай падзеі прыўрочыла верш-пажаданне ксяндзу Мікалаю. Карціна з рамонкаў – кветак сімвалізуючых чысціню, пакорлівасць, самаахвярнасць, вышытая стужкамі, была таксама падарункам да гэтага дня. Святар таксама атрымаў кветкі і песню "Настаўнік" у выкананні моладзі.
Пасля святой Імшы адбылася сустрэчы з госцем Андрэем Хадановічам. Ксендз пробашч, прадстаўляючы парафіянам знакамітага Беларуса сказаў, што цяжка пералічыць усе тытулы: паэт, музыкант, перакладчык, пісьменнік. Акрамя гэтага, Андрэй Хадановіч выкладае гісторыю французкай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ, з'яўляецца чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 2008 году – старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру. Творчасць Хадановіча адрозніваецца багатай і разнастайнай мовай, стылістычнымі эксперыментамі, іранічнасцю стыля. У сваім выступе паэт і музыкант выканаў разнастайныя творы са свайго рэпертуару. Гледачы адудзячылі выканаўцу апладысментамі і кветкамі.
На развітанне святар паблаславіў прысутных на добрае вяртанне дамоў і традыцыйна запрасіў на наступны фэст і адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі, якая пройдзе 16 мая. Алена Клімза-Колтан
|