Святы Андрэй Баболя – Божы знак для нашых часоў PDF Печать E-mail
18.05.2015 14:24

Фотарэпартаж

IMG 2255Лучайская парафія, што на Пастаўшчыне ў Віцебская дыяцэзіі, 16 мая адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі.

 

Нягледзячы на пахмурнае і зменлівае надвор'е, вернікаў прыбыло, як заўседы шмат. Прыгожы і велічны лучайскі касцёл сабраў пад свае скляпенні зноў сваіх сяброў і пілігрымаў з Пастаў разам з кс. Юрыем, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Мінска і іншых мясцін краіны.

 


Вядома, што святы Андрэй Баболя з'яўляецца таксама нябесным заступнікам чыгуначнікаў. Каб урачыста адсвяткаваць гэты асаблівы дзень і ўшанаваць рэліквіі апекуна, таксама прыбылі ў Лучай мясцовыя працаўнікі беларускай чыгункі і калегі па працы з Гродна, Маладзечна і Мінску разам з душпастырам супольнасці чыгуначнікаў – айцом Станіславам, пробашчам парафіі Маці Божай Ларэтанскай у Мінску.


Мясцовая моладзь з каталіцкім гуртом "Laudans" з Мінску правяла напачатку адарацыйныя разважанні і спевы перад Найсвяцейшым Сакрамантам ля алтара св. Андрэя Баболі на тэму: “Кожны святы – гэта Божы знак для тых часоў, у якія жыве”. Гэта дало вернікам магчымасць паразважаць і задумацца ў гэты час на малітве… Бо святы пакутнік Андрэй – Божы знак яшчэ і для нас, і для нашых часоў. Ён з'яўляецца для нас узорам непарушнай веры, якая не адступае і не ломіцца перад абліччам найвялікшага цярпення, якая не баіцца ані пагроз, ані здзекаў.

IMG 0728

  

Адпустовая літургія распачалася надзвычай урачыста, калі да працэсіі святароў і міністрантаў далучыліся чыгуначнікі ў сваёй форме і са штандарам супольнасці. Відовішча для нашага рэгіёну пакуль што незвычайнае. Цэлебраваў святую Імшу капелан Яго Святасці ксёндз доктар Аляксандр Рагіня, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Казахстане, які ўдзячны сваей роднай парафіі і не забывае сваіх землякоў. У святочнай гаміліі айцец Станіслаў звярнуў увагу на пытанне "Як цяжка быць пакутнікам у сучасным свеце". На прыкладзе святога Андрэя Баболі святар падкрэсліў, што кожны павінен імкнуцца быць верным Хрысту, верным сваей сям'і.

IMG 0908 


Св. Андрэй Баболя з’яўляецца апякуном Беларусі, таму беларускага каларыту прыўнеслі ў свята маладыя хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах. Яны разам з чыгуначнікамі падрыхтавалі дары і ўрачыста прынеслі іх да алтара. На заканчэнне літургіі прагучала літанія да св. Андрэя Баболі і адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам.

 IMG 1139


Гістарычнай падзеяй гэтага дня для парафіі стала адкрыцце “Касцёльнага музея імя Ганны Дубовік” – легендарнай парафіянкі. Яна напрыканцы жыцця ажжыцявіла сваю мару і стала сястрой законнай з іменем Міхаэля. Усё жыццё яна прысвяціла служэнню Касцёлу, дасылала ці сама вазіла пасылкі святарам сасланых у лагеры і падтрымлівала з імі карэспандэнцыю, катэхізавала дзяцей у савецкі час, вазіла іх у іншую парафію для першай споведзі і Камуніі.

IMG 1438


Перад адкрыццём музея слова прамовіў ксендз Аляксандр Рагіня. Святар лічыць спачылую Ганну Дубовік або Ганначку (так пяшчотна называлі яе парафіяне) сваей духоўнай апякункай. Больш таго, славуты сын лучайскай зямлі упэўнены, што менавіта яна вымаліла ў Бога дар святарскага паклікання для яго. Ён зазначыў, што адкрыцце музея, дзе знаходзяцца рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, з'яўляецца памяццю пра іх і падзякай ім за дар веры, якую захавалі і перадалі сваім нашчадкам, але таксама і напамінам нам, каб веру і святыню захоўваць, падтрымліваць і перадаваць наступным пакаленням – найлепш уласным прыкладам свайго штодзённага жыцця і такі прыклад пакінула Ганна Дубовік.

 

Кожнаму жадаючаму была магчымасць наведаць новы музей, размешчаны на некалькіх ярусах вежы касцёла, падымаючыся па сходах аж да званоў, дзе адчынялася вачам прыгожая панарама Лучая. А спусціўшыся з вежы уніз на зямлю, госці маглі пакатацца па Лучаі на поні, пасмакаваць “адпустовыя цукеркі”, набыць сувеніры, заставацца аж да вечара на канцэрце, каб пасля завесці добры настрой і ўражанні з Лучая да дому.

IMG 1732IMG 1965


І хоць здавалася немагчымай канцэртная праграма пад адкрытым небам, але быццам хмары расступіліся і выглянула сонейка ад той станоўчай энэргіі, якую выпраменьвалі не толькі запрошаныя артысты, але і заўзятыя аматары павесяліцца. Пакуль музыкі з гурта "Laudans" настройвалі пасля дажджу сваю гукаапаратуру, самабытны баяніст Чэслаў Рачыцкі з Шаркаўшчыны, прыўзняў святочны настрой выконваючы мелодыі мінулых гадоў. А спявачка Валянціна Альшанская з зачароўваючым, мілагучным голасам парадавала сваім рэпертуарам і была вядучай усёй канцэртнай праграмы. Майскі фэст адкрыў лучайскім слухачам і яшчэ новыя імёны: Алега Сямёнава – беларускага спявака, лаўрэата прэміі «За духоўнае адрадженне», заснавальніка гурта "Чысты голас" і маладога выканайцу Улада Сіманіса з Шаркаўшчынска РДК. Беларускія чыгуначнікі на чале са сваім душпастырам паказалі, што здольныя "і да танца, і да ружанца". Вясёлае гучанне музыкі і спеву ўсіх прысутных паяднала як-бы ў адну радасную сям’ю, водзячы карагоды пад прыгожыя песні беларускіх аўтараў у выкананні запрошанных артыстаў. А тым больш, ад віртуознага выканання таленавітага акардэаніста Дзмітрыя Корсака, частага і многімі любімага лучайскага госця – безумоўна нельга было ўстаяць на месцы!

 23

11 22 

 

 Сапраўды, падобныя святы вельмі аб'ядноўваюць людзей. У Лучаі ўсё спрыяе, каб стаць бліжэй Бога, каб адчуць сябе сапраўднымі братамі і сёстрамі. Тут спалучаецца прыгажосць створаная Богам і прыгажосць створаная рукамі руплівых, неабыякавых людзей. А ўсё, дзякуючы нястомнаму пробашчу Мікалаю Ліпскаму, вопыт якога ужо пакрыху пераймаюць і іншыя парафіі.

Надыходзячым летам Лучай чакае вас: 28 чэрвеня – на Свята сям'яў, 25-26 ліпеня – на адпуст св. Ганны і на свята, прысвечанае 250-годдзю народзін Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Да новых сустрэч!


Тэкст: Алена Клімза-Колтан. 
Фота: Андрэй Мацур, Сяргей Вшыўкоў, Святлана Вярышка

   

IMG 2640

 

Комментарии   

 
+3 #1 вікторыя 18.05.2015 14:41
Заўсёды з нецярпеннем чакаю справаздач з Вашых фэстаў. Прадуманая да драбніц урачыстасць. Гонар за ксяндза Аляксандра. У яго здаецца хутка чарговая гадавіна святарскіх пасвячэнняў. Высока падняўся за гэты час. Веру, што сястра Міхаэля вымаліць яму яшчэ не адзін тытул. Дзякуй ксяндзу Мікалаю і яго нешматлікім вернікам за райскі лучайскі куточак.
Цитировать
 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай