Пілігрымка у Мінск: духоўнае і культурнае побач |
11.07.2015 19:52 |
8 ліпеня адбылося незабыўнае падарожжа ў Мінск. Першапачаткова Лучайская парафія атрымала запрашэнне ад свайго добрага сябра, шматразовага ўдзельніка лучайскіх фэстаў, акардэаніста-віртуоза Дзмітрыя Корсака, наведаць канцэрт-прэзентацыю яго творчасці.
Вядома, што лучайскі пробашч вельмі ахвочы да розных вандровак, таму ўзнікла цікавая ідэя спалучыць наведванне канцэрта з пілігрымкай па мінскіх святынях. Да ўдзелу былі запрошаныя і шаркаўчане. Яны вельмі актыўна адгукаюцца на падобныя прапановы. Тым больш, што некаторыя старонкі з гісторыі гэтых святыняў пераплецены з гісторыяй Шаркаўшчыны і яе ўраджэнцамі.
Праз увесь дзень пілігрымы ў суправаджэнні гіда наведалі гістарычны цэнтр горада і пазнаёміліся з яго забыткамі. Асноўным пунктам было наведванне святыняў. Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі: у гэтым велічным храме, які пабудаваны ў стылі віленскага барока, насценныя роспісы выкананыя ўраджэнцам Шаркаўшчыны, мастаком Казімірам Анташэўскім. Доўгі час пробашчам тут з'яўляецца ксёндз Антон Клімантовіч, які паходзіць з вёскі Лабуці Шаркаўшчынскага раёна.
Сваёй легендарнай гісторыяй і прыгажосцю ўразіў Чырвоны касцёл. Аказваецца і тут пакінуў след наш зямляк: ксендз біскуп Вінцэнт Ключыньскі, які нарадзіўся напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Шаркаўшчыне, асвяціў гэты храм у 1910 годзе. А пробашч касцёла святых Сымона і Алены ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк стаяў ля вытокаў адраджэння парафіі ў Шаркаўшчыне ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа схаваны ад людзкога вока ў цішы Кальварыйскіх могілак, таксама пакінуў незабыўны след у сэрцах вернікаў. Тут адбылася самая галоўная падзея пілігрымкі – святая Імша. Нажаль, пробашч гэтай святыні ксёндз Андрэй Сіповіч, будучы на сімпозіуме, адсутнічаў у гэты дзень і пілігрымам не ўдалося прывітацца з сынам шаркаўшчынскай зямлі.
Крыху стомленныя вандроўнікі атрымалі цудоўную магчымасць адпачыць увечары на яскравым, фантастычным канцэрце-прэзентацыі Дзмітрыя Корсака. Для маладога музыканта ў гэты дзень адбылася гістарычная падзея – першы яго творчы вечар, на які сабраў поўную тысячную канцэртную залу.
Павіншаваць акардэаніста-віртуоза прыйшлі многія аматары добрай музыкі і таксама беларускія эстрадныя выканаўцы: Іван Буслай, Аляксей Хлястоў, Георгій Калдун, Аляксандр Гелах і іншыя. Прысутнічалі ў зале і самыя блізкія музыканту людзі – яго бацькі, а таксама шматлікія сябры і прыхільнікі яго творчасці. Асобнае месца сярод блізкіх сяброў належыць ксяндзу Мікалаю Ліпскаму. Святар мае выключную здольнасць заўважаць таленты і магчымасці іншых. Менавіта лучайскаму пробашчу выказаў удзячнасць Дзмітрый Корсак на вокладцы свайго першага альбома "Эй, соколы!" – за падтрымку ў ажыццяўленні сваёй мары. Вельмі прыемным сюрпрызам стаў верш, напісаны шаркаўшчынскай паэткай Кацярынай Соснай. Аўтарка прысвяціла свой твор музыканту і прачытала яго са сцэны. А якім жа чуллівым момантам стала ўручэнне кветак акардэаністу-віртуозу ад самай маленькай удзельніцы пілігрымкі, якой толькі чатыры годзікі! І вось так пад аккорды музыканта і добры настрой адышоў у гісторыю чарговы прыгожы дзень.
Пілігрымка, якая была насычана прыемнымі ўражаннямі скончылася, але вандроўнікі не хочуць спыняцца. Яны з вялікім задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне да ўдзелу ў чарговых святах, якія будуць ладзіцца ў Лучаі 25 ліпеня, а таксама з нецярпенням будуць чакаць новых пілігрымак, якія могуць ўзнікнуць у бліжэйшы час.
Тэкст: Алена Клімза-Колтан. |