Свята ведаў у Лучаі: веды выкарыстаныя з розумам з'яўляюцца сапраўднай мудрасцю |
28.08.2015 07:25 |
Лучайская парафія Святога Юды Тадэвуша, Апостала, 23 жніўня адсвяткавала апошні летні фэст з нагоды свята ведаў. Вернікі прыйшлі ў лучайскую святыню, каб памаліцца за вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, выхавацеляў, а таксама каб у перадапошнюю нядзелю канікул атрымаць благаслаўленне на новы навучальны год. Распачалося набажэнства адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні на тэму Эўхарыстыі былі выбраны невыпадкова, бо падчас ўрачыстасці да гэтага сакраманту ўпершыню прыступілі трое дзяцей з парафіі. Лучайскія набажэнствы адрозніваюцца характэрнымі рысамі: падчас урачыстасцяў заўсёды падбіраюцца тэматычныя разважанні, якія дапамагаюць вернікам якасна падрыхтаваць свае сэрцы да святой Імшы. Навучэнец семінарыі Алег Зямчонак прачытаў словы з прамовы Папы Францішка: «Эўхарыстыя — гэта сам Езус, які цалкам дорыць нам сябе. Насычэнне Ім і прабыванне ў Ім праз Эўхарыстычную Камунію, калі робім гэта з верай, перамяняе наша жыццё ў дар Богу і братам». Святая Імша пачалася ўрачыстай працэсіяй святара з міністрантамі і дзецьмі, якія прыступалі ў гэты дзень да Першай святой Камуніі. Дары, якія былі прынесены ў гэты дзень да алтара, былі вельмі разнастайнымі. Пачынаючы час збору ўраджаю, вернікі пажадалі падзякаваць Богу за сёлетнія дары прыроды. Сярод прынесеных дароў былі кветкі, снапы збожжа, плады новага ўраджаю, мёд, заплечнік і шмат іншага.
У працэсіі з дарамі ўдзельнічалі вернікі розных пакаленняў, ад першакамунійных дзяцей да людзей сталага ўзросту. Адраджэнне традыцыі дзякаваць Богу да ўсе дары, якія Ён дае, будзе ў парафіі пастаяннай практыкай. Напрыканцы Імшы святар акрапіў святой вадой школьныя прылады і благаславіў асабіста кожнага вучня, студэнта, настаўніка, выхавацеля, якія знаходзіліся ў святыні. Прагучала пажаданне пробашча парафіі кс. Мікалая Ліпскага выкарыстоўваць веды з розумам, бо гэта і з'яўляецца сапраўднай мудрасцю. Алег Зямчонак, які праходзіў у Лучаі семінарысцкую практыку, напрыканцы Імшы падараваў верш, прысвечаны парафіі, «Я малюся за Лучай!» …Хай квітнее цудоўны наш край, Гучаць песні, іграюць хай гуслі! Дзякуй Богу за рай-Лучай, Найпрыгажэйшы куток Беларусі! Святая Імша скончылася супольным выкананнем песні "Малюся за цябе, Беларусь!". Падарункам да Свята ведаў стаў канцэрт выканаўцаў, якія сталі за некалькі год добрымі сябрамі Лучая: гурт “Recha” і акардэаніст Дзмітрый Корсак. Каларытны Андрусь Такінданг сваей харызмай заваяваў сэрцы прыхільнікаў арыгінальнай музыкі, каторая ўвабрала ў сябе рысы розных музычных плыняў. Гурт “Recha” заўсёды прымаецца Лучайскай публікай вельмі цёпла, па-сяброўску. Музыкі выканалі песні з ранейшага рэпертуару, якія ахвотна падпявалі гледачы, а таксама зайгралі новыя кампазіцыі. Часты госць Лучая, акардэаніст Дзмітрый Корсак здзівіў на гэты раз сваіх прыхільнікаў не толькі віртуозным валоданнем інстументу і новымі ўтворамі са свайго новага альбома, але і адважыўся заспяваць. Артыст мае цудоўны голас і гледачы адудзячылі яго авацыямі. Малады артыст з Шаркаўшчыны Улад Сіманіс таксама падараваў слухачам некалькі песняў.
Сюрпрызам канцэртнай праграмы стаў верш-віншаванне да дня нараджэння ксяндза Мікалая Ліпскага. Аўтарка верша Кацярына Сосна прачытала яго са сцэны, падарыўшы разам са сваёй новай кнігай.
Насыціўшыся духоўна і культурна, вернікі атрымалі благаслаўленне ад пробашча на шчаслівае вяртанне дадому і былі запрошаны на наступныя мерапрыемствы, якія плануюцца восенню.
Тэкст: Алена Клімза-Колтан. Фота: Сяргей Вшыўкоў, Зміцер Лупач, Карына Радзюш |