Свята Лучая |
15.09.2015 14:51 |
13 верасня вёска Лучай урачыста святкавала 473 гады свайго існавання. Святая Імша стала галоўнай часткай свята. Вернікі сабраліся, каб супольна памаліцца і падзякаваць Богу за ўсе, што маюць. Пробашч Мікалай Ліпскі ва ўступным слове прамовіў, што трэба быць удзячнымі Пану Богу і за багатую гісторыю, і за продкаў, якія захавалі і перадалі веру, і за ўсіх жыхароў вёскі і ахфярадаўцаў.
Святочнае казанне было прысвечана тэме: "словы павучаюць, прыклад заахвочвае". Святар заклікаў кожнага быць добрым прыкладам для іншых людзей. Узгадаў легендарную гісторыю святога Францішка з Асізі, які прыбыў да мусульманскага султана, а той прапанаваў знайсці некалькіх такіх жа веруючых і тады ён прыме хрысціянства. "Езус, Яго Маці і святыя – сапраўдныя ўзоры да наследвання для ўсіх нас!" – такімі словамі падвёў вынік сваёй прамовы святар. Скончылася набажэнства супольным выкананнем Лучайскага гімна, які быў напісаны да 470 годдзя вёскі Лучай семінарыстам Алегам Зямчонкам і кампазітарам Аляксеем Жбанавым. Усім жыхарам вёскі і гасцям быў падрыхтаваны цудоўны падарунак: святочны канцэрт з удзелам артыстаў на любы густ. Вядома, што Лучай прывык да добрай музыкі і да прафесіяналаў сцэны. Вядучай канцэртнай праграмы стала Вераніка Сіланава: мясцовая арганістка, а таксама салістка ВІА "Скіфы" з Пастаў.
Падзяліўся сваёй творчасцю баяніст з г. Мінска Анатоль Таран, прыбыўшы ўпершыню на Лучайскі фэст. Знакаміты беларускі артыст Зміцер Вайцюшкевіч, які падкупае валоданнем роднай мовай, каментуючы свае песні так яскрава. Эстрадны выканаўца Іван Буслай, са сваей цыганскай энэргетыкай, заахвоціў прысутных да танцаў. ВІА "Скіфы", спяваючы і сучасныя песні і з мінулых гадоў, напрыканцы свайго выступу падараваў і некалькі твораў выкананых супольна з Іванам Буслаем і Дзянісам Кругловым упершыню на гэтай сцэне.
Цёплае вераснёўскае надвор'е, шыкоўны канцэрт і смачныя дранікі з гарбатай для ўсіх прысутных, сталі добрым адпачынкам ад восеньскіх справаў. Атрымаўшы Божае бласлаўленне ад пробашча на добрае вяртанне дадому, разыходзіліся пад гукі Лучайскага гімна. Наступны раз Лучай чакае гасцей на свой тытульны фэст ў гонар святога Тадэвуша, 24 кастрычніка. Тэкст: Алена Клімза-Колтан. Фота: Карына і Марыя Радзюш |