Фэст святога Юды Тадэвуша |
30.10.2015 19:22 |
24 кастрычніка лучайская парафія святкавала парафіяльны фэст са старажытнай музыкай і феерверкам у гонар святога Юды Тадэвуша. Вернікі неслі да алтара святога, заступніка ў хвіліну роспачы і ва ўсіх безнадзейных справах, свае просьбы і падзякі. Многія ў знак удзячнасці за ласкі, атрыманыя праз пасрэдніцтва святога Юды Тадэвуша, прыносілі да яго алтара кветкі.
Падрыхтоўчай часткай да святой Імшы стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Разважанні на тэму апостальства «Езус кліча кожнага паіменна» чаргаваліся са спевамі пад акампанемент гітары ў выкананні Андрэя Лугіна, саліста гурта «Laudans», і пад гучанне старажытнага аргана.
Імша пачалася ўрачыстай працэсіяй святароў з міністрантамі. Узначаліў літургію генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. З гаміліяй вярнуўся да прысутных ксёндз Віктар Місевіч, галоўны рэдактар «Каталіцкага весніка». Святар на прыкладзе апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша заклікаў быць адкрытымі на подых Духа Святога.
Працэсія з дарамі, удзельнікамі якой сталі наймалодшыя вернікі, была кранальнай і прыгожай часткай свята. Пасля супольнага выканання гімну «Цябе, Бога, праслаўляем» вернікі заспявалі гімн лучайскай парафіі. Канцэртная праграма, без якой ужо нельга ўявіць сабе лучайскія фэсты, на гэты раз паспрыяла таму, што слухачы змаглі перанесціся думкамі ў часы Вялікага княства Літоўскага.
Кацярына Ваданосава, спявачка і аўтарка песень, разам з гуртом падаравала прысутным свае музычныя творы. Слухачы адудзячылі артыстам апладысментамі і кветкамі. Перад уваходнай брамай касцёла быў наладжаны феерверк, які ўпрыгожыў цёмнае восеньскае неба. Парафіяне і госці свята былі ўражаны відовішчам і спадзяваліся сустрэцца яшчэ раз у гэтым месцы. Нагодаў для сустрэч хапае — напрыканцы восені ў парафіі адбудуцца «Андрэйкі», а ў снежні «Мікалайкі».
Тэкст: Алена Клімза-Колтан. Фота: Карына Радзюш, Юрый Якшын, Юзаф Цапелiк |