Дзень радасці ў Лучайскай парафіі. PDF Печать E-mail
23.11.2015 20:03

Фотарэпартаж

 

21 лістапада ў аг. Навасёлкі (Лучайская парафія) святкавалі “Андрэйкі”. Свята атрымала сваю назву ад імя святога Апостала Андрэя. Традыцыйна адзначаецца напярэдадні Адвэнту, перыяду ў літургічным годзе Касцёла, які папярэднічае Божаму Нараджэнню.

Дзякуючы падрыхтаванаму анансаванню ў інтэрнэт прасторы, паўдзельнічаць ў свяце змагла моладзь з Варапаева, Дунілавіч, Наваполацка, Шаркаўшчыны і Пастаў.

Андрэйкi у Лучае

Навасёлкаўская капліца Божай Міласэрнасці, вельмі ўтульная, упрыгожаная дэкарацыямі “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” сустрэла гасцей свята. Так атрымалася, што размешчана яна пад адным дахам з цэнтрам культуры, які цесна супрацоўнічае з парафіяй. Хаця “Андрэйкі” маюць вясёлы і забаўляльны характар, але ў гэты дзень нельга забываць і пра духоўны аспект свята. Распачалося яно з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Вельмі дарэчы была прысутнасць гурта “Laudans” (назва азначае “праслаўленне Пана”), які супольна з прысутнымі адараваў, спяваючы.

Андрэйкi у Лучае

Добра падрыхтаваўшы свае сэрцы падчас адарацыйнай малітвы, вернікі прынялі ўдзел ў святой Імшы. Запрошаны святар з Варапаева Юрый Вільк падчас казання, прыводзячы жыццёвыя прыклады, разважаў над тым, што кожны чалавек шукае Бога.

Лучайскiя Андрэйкi

Вядома, што “Андрэйкі” – дзень радасці, весялосці і забаў. Таму наступнай часткай мерапрыемства стала канцэртная праграма, падрыхтаваная самымі лепшымі сябрамі-артыстамі Лучайскай парафіі. Сапраўднае сузор’е выканаўцаў прыбыло раздзяліць радасць гэтага дня. Гурт “Laudans”, акрамя ўпрыгожвання сваімі спевамі літургічнай часткі, выканаў некалькі сваіх твораў на канцэрце. Падчас выступу “залатога акардэону Беларусі”-Дзмітрыя Корсака, адбылася сапраўдная імправізацыя. Ужо пад першыя аккорды кампазіцыі “Hej, sokoly!” не ўсядзеў на месцы ксёндз Юрый Вільк. Святар пад акампенемент віртуоза-акардэаніста заспяваў гэтую песню. Тут жа падхапіла ідэю сястра Магдалена з Наваполацка. Трыо атрымалася- аб гэтым сведчылі несамавітыя авацыі.

Лучайскiя Андрэйкi

Адметнасцю канцэртнай праграмы стала прэзентацыя новага альбома гурта “Рэха”. Андрусь Такінданг, даўшы назву па аднайменнай песні з альбома “Перайначыць”, выказаў надзею, што “мастацтва можа перайначыць варажнечу на мір, нянавісць на прыязнасць. Перайначыць найперш сябе, а затым падзяліцца радасцю, смуткам, спевам з усімі.” “Рэхаўцы” з’яўляюцца ўжо сапраўднымі “старажыламі” Лучайскіх святаў і пастаяннымі ўдзельнікамі з 2012 года. Напэўна, так як любяць і прымаюць Андруся і яго гурт, не прымаюць нікога. Шчыры, сціплы Андрусь не раз зазначаў, што заўсёды едзе ў Лучай, як да сябе дамоў.

Лучайскiя Андрэйкi

Скончылася свята супольным выкананнем усіх прысутных пад акампанемент Андрэя Лугіна песні-малітвы “Малюся за цябе, Беларусь!”. Ксёндз-пробашч паблаславіў удзельнікаў імпрэзы на шчаслівае вяртанне дахаты і запрасіў да удзелу у “Мікалайках”, якія адбудуцца ў Лучаі 6 снежня. 

Лучайскiя Андрэйкi

Сустрэча “Андрэйкі” планавалася ў першую чаргу для моладзі, але людзі рознага ўзросту, якія былі на свяце, здаецца памаладзелі, праводзячы час з малітвай, радасцю, весялосцю побач з маладым пакаленнем, якое з’яўляецца будучыняй Касцёла.

Тэкст: Алена Клімза-Колтан.

Фота: Карына і Марыя Радзюш.

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай